177

Hrodna.life: перайшлі на працу “па хатах”, толькі Кулевіч на варце

23.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдакцыя гродзенскага незалежнага беларускамоўнага анлайн-выдання Hrodna.life з 15 сакавіка перайшла ў рэжым дыстанцыйнай працы з-за пагрозы распаўсюду каранавіруса.

Пазіцыю такой працы тлумачыць рэдактар выдання Аляксей Шота:

— Працуем дыстанцыйна, гэта не абавязкова, але рэкамендавана. Бясстрашныя журналісты, як Руслан Кулевіч, усё роўна ходзяць у офіс, але больш за два чалавекі зараз у нас не бывае. Абмежавалі доступ да рэдакцыі трэцім асобам, мыем рукі, апрацоўваем дэзынфекцыйным сродкам.

Уласны офіс мы маем толькі трошкі больш за год, а да гэтага шмат гадоў так і працавалі з дому,таму дыстанцыйная праца для нас не складаная. Канешне, мы ўжо прывыклі да сваёй прасторы: ёсць куды запрасіць гасцей, правесці нейкую сваю падзею. Падзеі мы, дарэчы, таксама пераносім на нявызначаны тэрмін. Як і ўнутраныя рэдакцыйныя мерапрыемствы кшталту трэнінгаў, сустрэч па тэматычных праектах і г. д.

Праца ідзе як заўсёды. Ёсць нават плюсы: эканомім час і грошы на дарогу. Мінус у тым, што цяжка з дому падхапіць аператыўную навіну, якая патрабуе выезду на месца. Але для гэтага ў нас ёсць Руслан, які заўсёды ў цэнтры. У нас актыўная аўдыторыя — штодня нехта прыходзіў у рэдакцыю, зараз мы з гэтай часткай чытачоў не можам так шчыльна камунікаваць. Але гэта ўсё не крытычна. Планёрку можна правесці анлайн, усё ж жывём у дастаткова развіты тэхналагічна час.

Руслан Кулевіч, які працуе з офіса рэдакцыі, сваю пазіцыю тлумачыць наступным чынам: 

— Я павінен быць у цэнтры горада, каб шукаць навіны, бо кожны дзень нешта адбываецца. З офіса выязджаю на падзеі, вяртаюся і раблю навіны. Важу з сабой антысептык і вільготныя сурвэткі. Цяпер у кожнай установе ёсць адмысловыя месцы, дзе можна апрацаваць рукі. Працуем, пакуль ёсць магчымасць. Гэта нашая задача — шукаць навіны, распавядаць як усё адбываецца на самой справе.

У Гродне незалежныя журналісты, сябры ГА “БАЖ” па магчымасці перайшлі на дыстанцыйны рэжым працы. Рэдакцыі раяць сваім супрацоўнікам менш выходзіць на вуліцы. Ужо некалькі тыдняў з дому працуюць журналісты, якія  супрацоўнічаюць з “Беларускім Радыё Рацыя”, “Белсатам” і Радыё “Свабода”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!