329

Hrodna.life: “Магазін на канапе” і відэагутаркі пра бізнес

09.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэгіянальны сайт Hrodna.life распачынае ў сябе на старонцы і ў сацыяльных сетках новы фармат — відэагутаркі.

Галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота распавядае падрабязнасці прыняцця такога рашэння:

— Мы трошкі аснасціліся тэхнікай. Падпісалі зараз сумесны праект з мэблевай фірмай з Гродна, атрымалі ад іх стол і крэслы для імправізаванай студыі — будзем рабіць сур’ёзныя размовы на тэму бізнесу. Пасля таго, як гэты праект завершыцца, у нас застанецца і тэхніка, і студыя для відэагутарак. Апроч таго, што будзем рабіць сур’ёзныя праграмы, мы вырашылі троху адпачыць і зрабіць першы ролік такі паўжартовы, паўсур’ёзны — “Магазін на канапе”.

Ролік атрымаўся даволі якасны, і мы выкарысталі яго маркетынгава. Заадно нагадалі, што ў нас ёсць троху “мерча”, які можна набыць і такім чынам падтрымаць рэдакцыю фінансава, і што ў нас ёсць сацыяльная падпіска на “Талацэ”.

Мы таксама паказалі, што наша рэклама выйшла ў часопісе “Архэ”, прарэкламавалі замак, які зрабіў Сяргей Бахун. Гэта такое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва для ўсіх.

— Людзі лайкаюць, каментуюць. Думаю, гэта добры фармат, паспрабуем рабіць яго раз на тыдзень, пакуль хопіць крэатыву і жадання.

Аляксей Шота зазначыў, што рэдакцыя будзе рабіць так, каб у ролі вядучага сябе паспрабавалі ўсе журналісты, хто будзе мець жаданне папрактыкавацца. Гэта добры досвед на будучае, лічыць рэдактар Hrodna.life.