288

Хапун у Гомелі – у ліку затрыманых былі і журналісты

15.07.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гомелі ўвечары 14 ліпеня міліцыянты затрымалі ў жывым эфіры  карэспандэнтку сайта «Сильные новости» Надзею Пужынскую і відэааператара, сябра ГА «БАЖ» Марыну Драбышэўскую. 

Яны вялі стрым на вуліцы Савецкай і прылеглай да яе плошчы каля цырка, дзе сабраліся дзясяткі  гамельчукоў на знак салідарнасці з незарэгістраванымі  ЦВК кандыдатамі ў прэзідэнты Віктарам Бабарыкам і Валерам Цапкалам. Акцыя насіла мірны характар. Людзі размаўлялі, перыядычна пляскалі ў далоні. Праезджыя машыны падавалі працяжныя сігналы — віталі гараджан, што прыйшлі на месца нядаўніх пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў.

Міліцэйская інфармацыйная група праз мегафон папярэджвала гараджан, што яны парушаюць закон аб масавых мерапрыемствах. Гэта караецца арыштам да 15 сутак альбо штрафам.

АМАПаўцы ў чорнай уніформе шыхтамі сталі выцясняць людзей з ходнікаў да фантана, які знаходзіцца за некалькі дзясяткаў метраў ад вуліцы. Маладых людзей праганялі нават з лавак, усталяваных побач з фантанам. Некалькіх чалавек затрымалі — іх пасадзілі ў мікраўтобусы і павезлі ў невядомым накірунку.

Урэшце супрацоўнікі АМАП сталі затрымліваць і журналістаў, якія назіралі за падзеямі ў цэнтры горада і вялі стрым. Нягледзячы на тое, што журналісты паказалі свае пасведчанні.

«Завезлі нас з Надзеяй Пужынскай у Цэнтральны РАУС. Трымалі амаль чатыры гадзіны, але пратакол не складалі. Абмежавалі нашу свабоду, каб мы не паказвалі, як міліцыя груба парушае правы людзей на мірныя сходы і свабоду слова”, — распавяла карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ" Марына Драбышэўская.

У ліку затрыманых аказаўся і аглядальнік " Сильных новостей", экс-дэпутат гарсавета Юрась Глушакоў. Яго вызвалілі пасля складання пратакола паводле 23.34 КаАП (за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).

Прысутная каля цырка інфармацыйная група УУС Гомельскага аблвыканкама (на здымку) ніяк не адрэагавала на затрыманні журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!