НЕ - ВАЙНЕ!
1902

«Гуляць супраць Хацкевіча і Шкурына — гэта вельмі крута». Беларусы з’ехаліся на футбольны турнір у гонар Аляксандра Івуліна

15.08.2022 Крыніца: Most

Першы футбольны турнір беларускіх аматарскіх каманд Польшчы, арганізаваны ў гонар палітвязня Аляксандра Івуліна, прайшоў 14 жніўня ў Варшаве. У мерапрыемствы ўзялі ўдзел 16 каманд, сфармаваных з беларусаў замежжа. Беласток рэпрэзентавала дружына «Зубры Падляшша». Капітан беластоцкай каманды Аляксанр Каваленка падзяліўся з журналістам MOST эмоцыямі ад турніру і гульні супраць дасведчаных беларускіх футбалістаў.

Турнір у Варшаве арганізаваў «Беларускі Дом». Удзельнічаць у ім запрасілі каманды з розных куткоў Польшчы, дзе жывуць беларусы. Акрамя беларусаў Беластока, Кракава, Лодзі, Уроцлава і Труймяста (Гдыні, Гданьска і Сопата), якія пераадолелі больш за 250 км, каб прыехаць на турнір, таксама выступіла шмат каманд з Варшавы. За каманду свабодных спартсменаў і супрацоўнікаў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці выступалі такія дасведчанныя футбалісты, як Ілля ШкурынАляксандр Хацкевіч і іншыя. Была дружына «Банда Крыўцова», якая сабрался ў гонар загінулага футбольнага фаната Мікіты Крыўцова. Каманду «Атам» складалі сябры і паплечнікі забітага ва Украіне беларускага добраахвотніка Васіля Грудовіка.

Аляксандр Івулін — беларускі журналіст, аўтар праекта «ЧестнОК» і гулец футбольнага клуба «Крумкачы». Ён быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года, а 19 студзеня прыгавораны да двух гадоў калоніі.

Каманда Фонда спартыўнай салідарнасці стала пераможцам турніру. У фінале пераможны гол у браму каманды «Playball» (беларусы, якія выехалі з Брэста) забіў Аляксандр Хацкевіч. Тряцяе месца — за камандай Мікіты Мелказёрава і Яраслава ПІсарэнкі «Тун-тун Warsaw».

Каманда беларусаў Беластока «Зубры Падляшша» дайшла да чвэрцьфінала. Дружына здолела выйсці з групы, абыграўшы «Белсат» і згуляўшы ўнічыю з «Падбярозавікамі» (хлопцы з Бярозы). Але беластоцкай камандзе ў паўфінал не даў прайсці будучы фіналіст «Playball». Дарэчы, беларусы Беластока таксама сустракаліся з Камандай Фонда спартыўнай салідарнасці і вельмі добра глядзеліся на фоне чэмпіёна, прайграўшы толькі два мячы. Не абышлося без памылкі суддзі.

«Ворагі хочуць закапаць гэтыя імёны»

Арганізатар турніру, прадстаўнік «Беларускага Дома» Антось Лагвінец, распавёў MOST, што турнір прайшоў на высокім узроўні і каманды засталіся задаволеныя.

— Гэтым турнірам мы вырашылі ўсім нагадаць, што ў Беларусі ёсць палітвязні, і такім чынам выказаць сваю салідарнасць, падтрымку тым, хто зараз за кратамі. Асабліва як сімвал усіх спартсменаў — Аляксандр Івулін. Таму наш кубак і турнір ідзе ў яго гонар. На турнір мы запрасілі беларусаў, каб зблізіць, бо ў кожным горадзе ёсць свая суполка беларусаў. Былі каманды, названыя ў гонар людзей, якія загінулі падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі і падчас вайны ва Украіне. Важна пра гэта памятаць, бо ворагі хочуць закапаць гэтыя імёны, каб людзі гэтага не памяталі. Але калі пра гэта гавораць, то памяць пра іх ідзе і іх справа не была дарэмная.

«Гуляў супраць нас — звычайных беларусаў»

Капітан беластоцкай каманды «Зубры Падляшша» Аляксандр Каваленка кажа, што турнір — гэта новыя знаёмствы паміж беларусамі, якія могуць у будучыні перарасці ў больш маштабныя рэчы. Не выключна, што ў будучыні будзе створаны чэмпіянат сярод беларускіх дыяспар у Польшчы. Сёння амаль у кожным вялікім горадзе Польшчы жывуць беларусы, якія гуляюць у футбол. Чэмпіянат — гэта наступны крок для беларускай дыяспары.

— Што тычыцца гэтага турніра, то мы не былі статыстамі і змагаліся на роўных з усімі камандамі. Гэта вельмі важнае мерапрыемства для беларусаў замежжа, бо з’ехаліся ў Варшаву многія, і нават вядомыя беларусы, — расказвае MOST Аляксандр Каваленка. — Гуляць супраць дасведчаных футбалістаў, Шкурына, Хацкевіча — гэта вельмі крута. Ты разумееш і ганарышся тым, што ёсць беларусы, якіх калісьці бачыў па ТБ і ў якіх у жыцці ўсё добра, але яны змагаюцца, як ты. Вось, напрыклад, Аляксандр Хацкевіч — ён жа можа спакойна жыць у любой краіне свету і ні ў чым сябе не адмаўляць, але ён прыехаў на турнір і гуляў супраць нас — звычайных беларусаў.  Хацкевіч адразу падтрымаў пратэсты ў Беларусі і асудзіў фальсіфікацыю выбараў, выступіў супраць гвалту. Сёння ён выступае супраць вайны і дапамагае ВСУ.

Аляксандр кажа, што на полі ўсе звычайныя людзі, без пафасу. Яны ціснуць табе руку, як роўнаму, і не глядзяць на цябе звысоку.

— Гэты турнір для нас і іншых беларусаў — як чарговы глыток свабоды. Былі нават такія людзі, якія пабачылі ўпершыню такую колькасць вольных беларусаў. Калі яны прыехалі ў Польшчу, то былі трохі паніклыя, што ўсё дрэнна. Але калі пабачылі гэты турнір, наш вялікі трыццаціметровы сцяг, пачулі нашае «Жыве Беларусь!», то ў гэтых людзей вочы загарэліся. Мы ў чарговы раз паказалі, што разам. Барацьба за вольную Беларусь працягваецца.

Чытайце яшчэ:

Группу «Хартии-97» и «Гомельского флагштока» в «ВКонтакте» блокируют по жалобе Мининформа

Галоўнага рэдактара Orsha.eu Ігара Казмерчака ізноў шукае міліцыя

«Ён мае аўтарытэт і сярод „палітычных“, і сярод крымінальнікаў». Як сядзіць журналіст Дзяніс Івашын, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!