1645

Гродзенскія журналісты правялі брыфінг па правілах працы на акцыях (ФОТА)

24.03.2017 Крыніца: Юлія Катаржынская, фота Аляксандра Саенкі

Сябры гродзенскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сустрэліся з вядомым публіцыстам і дасведчаным праваабаронцам Андрэям Пачобутам напярэдадні Дня Волі, каб абмеркаваць правілы паводзінаў на масавых мерапрыемствах.

Андрэй Пачобут падзяліўся сваім досведам і думкамі адносна таго, як найбольш бяспечна працаваць калегам на вуліцы ў гэтыя дні.

Паляванне на журналістаў пачалося у час, калі людзі пачалі выходзіць на вуліцы, далучацца да мірных акцыі не гледзячы ні на што. Каб збіць хвалю – узяліся за журналістаў. Калі есць загад затрымаць, пасадзіць на суткі – ніякія веды не дапамогуць.

Яшчэ у 2004 годзе, калі пратэсты прадпрымальнікаў набіралі папулярнасць, журналістаў затрымлівалі, каб інфармацыя ці здымкі не трапілі ў масы ці трапілі са спазненнем. Але з 2004 года сітуацыя вельмі пагоршылася. Дзяржава наўмысна парушае правы. Есць закон аб СМІ, але прыклад “Радые Свабода” паказаў, афіцыйная акрэдытацыя не выратавала журналістку ад таго, што яна суткі правяла за кратамі.

Калі мэта журналіста зрабіць рэпартаж, а не стаць “зоркай ютуба”, пры затрыманні трэба паводзіць сябе спакойна, лепш не супраціўляцца. Часцей бывае, што затрымліваюць адны, а пратакол складаюць зусім іншыя міліцыянты. Калі ты не згодны з напісаным – напісаць “Не згодзен” і зафіксаваць сваю версію. Пратакол павінен быць падпісаны, бо без подпісу з’явіцца зусім іншы, з “патрэбнымі” звесткамі.

Ад моманту затрымання да складання пратаколу павінна прайсці не больш за тры гадзіны. Калі прыйшло больш, можна падаваць скаргу. Да суда могуць альбо адпусціць, альбо памясціць у ізалятар часовага ўтрымання. Звычайна не трымаюць больш за трое сутак: калі затрымалі ў пятніцу, у панядзелак павінны асудзіць. Калі затрымалі пасярод тыдня, то суд звычайна адбываецца на наступны дзень.

Калі судзяць усіх канвеерам, можна прасіць адваката. Справу аўтаматычна пераносяць для складання дамовы, азнаямлення са справай. Адвакат не панацэя і трэба ўлічваць, што за яго працу трэба заплаціць грошы, але калі першы раз у судзе – гэта добрая псіхалагічная падтрымка. Можна скарыстацца паслугай бясплатнага адваката. Часам атрымліваецца так, што ўсім асуджаным далі суткі, а табе праз дзень-два далі штраф.

Трэба абскарджваць прысуды, пісаць скаргі. Малаверагодна, што ў дадзеным выпадку гэта прынясе пажаданы вынік. Але кожны разгляд – гэта шанец, што рашэнне перагледзяць. У доўгатэрміновай перспектыве застаецца больш задакументаваных фактаў парушэння вашых правоў. І калі нешта ў краіне зменіцца, гэта будзе мець вялікае значэнне.

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!