441 0

Гродзенскія журналісты пачалі мерапрыемствы да 100-годдзя БНР

27.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскія сябры ГА “БАЖ” распачалі мерапрыемствы да 100-годдзя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі – ўсклалі кветкі і запалілі знічы на сімвалічнай магіле слуцкага паўстанца Андрэя Якубецкага ў вёсцы Капцёўка (Гродзенскі раён).

Пра гістарычную ролю Якубецкага для Беларусі распавядае гісторык і журналіст Аляксей Кайрыс:

– Андрэй Якубецкі быў вайсковым дзеячом – маёрам Беларускай вайсковай Камісіі, удзельнічаў у Слуцкім паўстанні. Пасля гэтых падзей быў вымушаны эміграваць і жыў у Латвіі. Загінуў ён у 1944 годзе пры невядомых абставінах.

У 2016 годзе нашчадкі Якубецкага разам з валанцёрамі зрабілі яго сімвалічную магілу на радзіме побач з пахаваннямі родзічаў, бо ягонае сапраўднае месца пахавання і дата смерці дагэтуль невядомыя.

Для журналіста і аднаго з рэдактароў сайта InformNapalm Дзяніса Івашына ўшанаванне памяці Андрэя Якубецкага – гэта спадкаемнасць пакаленняў з выбітнымі дзеячамі Беларусі. “Кожны патрыёт, які мае ў сэрцы Беларусь, мае магчымаць прыехаць у Капцёўку, што каля Гродна, прыйсці на гэтую пачэсную магілу і аддаць пашану не толькі Андрэю Якубецкаму, але і ўсім тым патрыётам Беларусі, якія не шкадавалі сябе і аддалі сваё жыццё служэнню ёй”, - кажа Дзяніс Івашын.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/jak3.jpg

Мерапрыемствы святкавання ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі працягнуцца на Гродзеншчыне ў 2018 годзе.

Каментары