132 0

Гродзенскія журналісты далучыліся да акцыі “Станем за журналістыку”

05.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры гродзенскай суполкі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" далучыліся да акцыі “Станем за журналістыку”, што адбываецца 5 лістапада па ўсёй Беларусі.

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын упэўнены, што незалежныя медыя — асяродак свабоды, які паказвае праўдзівае жыццё ў Беларусі:

“Нашы калегі-журналісты трапляюць пад магутны каток рэпрэсій, дзяржава імкнецца гэтую выспу свабоды знішчыць. Таму мы, гродзенцы, абсалютна свядома падтрымліваем кампанію абароны і салідарнасці з усімі журналістамі, што зведваюць цяпер рэпрэсіі. Гэта наша грамадзянская пазіцыя”.

Таксама гродзенскія журналісты далучыліся да збору сродкаў сям’і Уладзіслава Ахроменкі, які знаходзіцца ў коме ў беластоцкім шпіталі.

Грошы цягам некалькіх дзён будуць перададзеныя ў Беласток, куды прыехала жонка журналіста.

Уладзіславу Ахроменку 53 гады, ён родам з Гомеля. Як пісьменнік вядомы з канца 1980-х, піша дэтэктывы, кінараманы. Працаваў разам з іншым пісьменнікам Максімам Клімковічам.

Далучайся да кампаніі і ты — падзяліся інфармацыяй і выкажы салідарнасць на сваім рэсурсе ці ў сваёй сацыяльнай сетцы!

#СтанемЗаЖурналістаў
#CтанемЗаЖурналістак
#StandUpForJournalism

Інфармацыйныя матэрыялы кампаніі ў вялікім памеры - тут

 

У Слоніме сталі за журналістаў

Каментары