2877

Гродзенскі журналіст Віктар Парфёненка падаў скаргу ў КПЧ ААН

15.10.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Сюжэт: Доступ да інфармацыі

 

Гродзенскі журналіст Віктар Парфёненка падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Да гэтага Міністэрства замежных спраў Беларусі сем раз адмаўляла журналісту ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).

Журналіст звяртаўся ў суды розных інстанцый і атрымаў такую колькасць адмоваў, што жартуе наконт магчымасці зарэгістраваць рэкорд у Кнізе рэкордаў Гінеса.

– Скарга ў камітэт складае некалькі дзясяткаў старонак. Гэта мой маральны чын, каб прымусіць улады лічыцца са мной як з грамадзянінам Беларусі, які мае пэўныя правы, у тым ліку права на атрыманне, захаванне і перадачу інфармацыі. Я хачу прымусіць Міністэрства замежных спраў паважаць міжнародныя прававыя акты, ратыфікаваныя Беларуссю задоўга да таго, як чыноўнікі цяперашняга МЗС пачалі працаваць на сваіх пасадах, – расказаў журналіст Службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

У складанні скаргі журналісту дапамагалі сябры ГА “БАЖ”.

Нагадаем, што год таму журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН. Камітэт прызнаў, што правы журналісткі былі парушаныя пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента.