Фэст пад назвай “Сваё Кіно” пакажа ў Гродна анімацыйную праграму i фiльмы-пераможцы кiнафэстывалю Bulbamovie 2016.
Паказы адбудуцца ў творчай пляцоўцы “Дом46” (Гродна, вул. Лелевеля, 46).
Мерапрыемства адбудзецца ў горадзе над Нёманам першы раз.
Кінафестываль новага беларускага кіно Bulbamovie ужо стаў традыцыйным. Ён паўстаў па ініцыятыве журналіста і кінарэжысёра беларускага паходжання з Польшчы Януша Гаўрылюка і адбываўся з 2011 года толькі ў Варшаве, а з 2015-га — у Варшаве і Мінску.
Пра мерапрыемства распавядае адна з арганізатарак паказу, дырэктарка "Дома46" Яўгенія Рамановіч:
— Фэст мы ладзім, каб падтрымаць беларускага вытворцу. Мне здаецца, такі фэст будзе цікавым, бо гэта беларускі погляд на праблемы, што нас усіх хвалююць. Таксама прыедуць рэжысёры, што рабілі гэтыя фільмы. У гродзенцаў ёсць унікальная магчымасць убачыць, што выбрала журы, які зараз трэнд у кіно і анімацыі. Я, напрыклад, нічога з беларускай анімацыі не ведаю, таму абавяскова прыйду. Я запрашаю прыходзіць з дзеткамі, мне здаецца, гэта будзе цікавы ўікенд.
Праграма фэсту ў Гродна:
16 снежня, 19:00
- Залатая бульба за лепшы мастацкі фільм — "Душы мёртвыя" рэж. В. Красоўскі. Пераможца Нацыянальнага конкурса Мінскага МКФ “Лістапад” 2016.
- Залатая бульба за лепшы анімацыйны фільм, узнагарода за лепшы гук ад гукарэжысёра Яўгенія Рагозіна — "Дзеці будучага спяць", рэж. І. Гапіенка.
- Спецыяльная ўзнагарода журы за мастацкі фільм "Дваццаць-шаснаццаць", рэж. Д. Рачкоўскі і А. Крывецкі.
- Спецыяльная ўзнагарода журы за анімацыйны фільм "Ламбэрсэк і даярка", рэж. А. Тадорскі, кароткі мультфільм пра каханне і здраду на фоне палескіх краявідаў.
- Прыз гледацкіх сымпатыі Bulbamovie 2016 "Вянок" рэж . П. Немядзведзь.
17 снежня, 13:00
- "ЛЭТ ЗЭ БУЛЬБА ХIT ЗЭ ФЛО", рэж. Сяргей Сакал.
- "Ламберсек і даярка", рэж. Анатоль Тадорскі.
- "Незвычайны дзіцячы садок", рэж. Марына Лук’янава/Руслан Сінкевіч.
- "Жыццё дома", рэж. Марыя Булавінская.
- "Дзецi будучага спяць", рэж. Іван Гапіенка.
- "Я памерла... Ну і што я скажу маме?!" рэж. Сафія Набок.
- "Якія сны сніць мядзведзь", рэж. Руслан Сінкевіч.
Анімацыйную праграму і праект Bulbamovie таксама прэзэнтуюць журы конкурсу і аўтары стужак.
Па словах Яўгеніі Рамановіч, паказы стануць першым крокам знаёмства з беларускім кіно ў "Доме46".