114 0

Гродзенскі карэспандэнт “Народнай Волі” Васіль Герасімчык прэзентаваў кнігу “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”

12.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Кніга выйшла адмыслова да 180-годдзя кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, якое адзначаецца 2 лютага.

За тыдзень, з 2 па 9 лютага, сустрэчы з аўтарам кнігі ў Гродне адбыліся ў гарадской бібліятэцы імя Макаёнка, у зале, дзе збіраюцца актывісты незалежнага Саюза палякаў, а таксама ў этнакраме “Цудоўня”, якая выконвае функцыю незалежнай прасторы для гісторыкаў, музыкаў і грамадскіх актывістаў.

На кожнай з сустрэч аўтар кнігі распавядаў пра новыя і цікавыя факты, звязаныя з біяграфіяй Кастуся Каліноўскага. Напрыклад, пра тое, што сям’я Каліноўскіх мела 25 дзяцей, а самыя вядомыя з іх гэта Віктар і Кастусь Каліноўскі.

Васіль Герасімчык падчас сустрэчаў з гродзенцамі адзначыў, што вокладка кнігі змяшчае шэраг сімвалаў. Па-першае, гэта — карта, якая сімвалізуе асобу і легенду. Другое — гэта нумар “Мужыцкай Праўды”, якую аўтар знайшоў у віленскіх архівах, а па-трэцяе — гэта выява помніка паўстанцам Каліноўскага, які знаходзіцца побач з вёскай Слабодка, непадалёку ад беларуска-літоўскай мяжы.

На першай прэзентацыі журналіст прадставіў прысутным імправізаваную урну з зямлёй, якая была прывезеная ім з Вільні, з гары Гедэміна, дзе па папярэдніх дадзеных знаходзіцца магіла Каліноўскага.

Таксама на гэтай сустрэчы Васіль Герасімчык падарыў адмысловую цішотку з выявай Каліноўскага людзям, якія дапамагалі ў стварэнні кнігі, яшчэ некалькі цішотак былі разыграныя падчас імправізаванай віктарыны.

Наступная прэзентацыя кнігі Васіля Герасімчыка "Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда" адбудзецца ў Мінску 14 лютага  ў офісе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (вул. Румянцава, 13) у 18:45.

Каментары