433

Гродзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Віктара Сазонава

28.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі абласны суд 26 снежня разгледзеў касацыйную скаргу праваабаронцы, пісьменніка, сябра ГА “БАЖ” Віктара Сазонава на рашэнне суда Свіслацкага раёна. Суддзя аблсуда Валерый Раманоўскі скаргу Сазонава не задаволіў.

27 кастрычніка Віктар Сазонаў здзяйсняў прававы маніторынг падчас штогадовага ўшанавання памяці паўстанцаў 1863-1864 гг. у г. Свіслач і ў вёсцы Якушоўка Гродзенскай вобласці. 23 лістапада Свіслацкі райсуд не ўзяў пад увагу довады Сазонава пра выкананне ім праваабарончай і журналісцкай дзейнасці падчас згаданага мерапрыемства і аштрафаваў на 15 базавых велічыняў нібыта за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ).

У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Віктар Сазонаў распавёў пра асаблівасці судовай справы:

“Я выконваў свае праваабарончыя абавязкі. На судзе я падкрэсліў, што я ніколі не пазбягаў адказнасці і заўжды падчас судовых працэсаў з гонарам заяўляў, што ўздымаў бел-чырвона-белы сцяг. Я маю на гэта права, маю права на мірныя сходы. Але гэтым разам я быў у якасці праваабаронцы і журналіста. Я хацеў зафіксаваць парушэнне ўсіх нормаў чалавечай маралі ўвогуле і зафіксаваць факт духоўнага генацыду беларускай нацыі. Бо чаму іншыя народы могуць ушанаваць памяць “каліноўцаў”, але як толькі гэта робяць беларусы – адразу актывізуюцца сілавыя структуры, усё сканчаецца судамі? Я меў з сабой усе дакументы: і пасведчанне ГА “БАЖ”, і міжнароднае пасведчанне журналіста, выдадзенае мне ў Бруселі. Аднак усё адно мяне пакаралі за выкананне маіх прафесійных абавязкаў. Я буду абскарджваць судовае рашэнне, прайду ўсе інстанцыі і абавязкова буду звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН”.

У судзе Свіслацкага раёна раней адбыліся судовыя працэсы над іншымі ўдзельнікамі сёлетняга Дня памяці паўстанцаў. Усе яны скончыліся адміністрацыйнымі штрафамі. 3 снежня суддзя Жанна Салагубік за нібыта арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемствана аштрафавала на 15 базавых велічыняў гродзенскага грамадскага актывіста і журналіста, сябра ГА “БАЖ” Уладзіміра Хільмановіча.