1313

Гродзенская сябра ГА «БАЖ» – лаўрэатка прэміі Мацея Плажыньскага

13.05.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенская журналістка, сябра ГА «БАЖ» Інэса Тодрык-Пісальнік стала адной з лаўрэатаў прэміі Мацея Плажыньскага для журналістаў, што выступаюць у падтрымку Палоніі. Сярод лаўрэатаў сёлетняй прэміі – журналісты з Беларусі і Літвы, Германіі і Польшчы. Гэтым разам журы абірала пераможцаў у дзесяці намінацыях.

Гродзенку ўзнагародзілі ў катэгорыі “Журналіст медыйнай Палоніі” за серыю публікацый пад назвай “Дзядуля ў польскім мундыры”, што друкаваліся ў выданні “Glos znad Niemna (na uchodzstwie)”. Артыкулы распавядаюць пра біяграфіі палякаў, што служылі ў Польшчы ў розных вайсковых утварэннях ў перыяды існавання польскай дзяржавы або падчас польскай барацьбы за незалежнасць.

Сярод здымкаў і біяграфій, апісаных у артыкулах журналісткі, – імёны вядомых гродзенцаў, чые продкі служылі ў польскіх вайсковых фармаваннях.

Лаўрэатаў вызначалі вядомыя журналісты з такіх польскіх выданняў, як “Polsat”, “Rzeczpospolita”, Польскае Радыё.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 18 чэрвеня 2016 года у Музеі эміграцыі ў Гдыні.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!