343

Гродзенец абскарджвае пакаранне за рэпосты ў “ВКонтакте”

01.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Гродзенец Аляксандр Горбач падаў надзорную скаргу старшыні Гродзенскага абласнога суда. Ён спрабуе дамагчыся справядлівасці ўжо ў трэцяй судовай інстанцыі і скасаваць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гродна, паводле якога ён быў пакараны за рэпосты ў сацсетцы “ВКонтакте”.

 Аляксандр Горбач

Нагадаем, 20 лістапада 2018 г. суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Валерый Шпак прызнаў Аляксандра Горбача вінаватым адразу паводле двух артыкулаў КаАП і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (5 базавых паводле арт. 17.10 КаАП і 25 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП, агулам 735 рублёў).

Артыкул 17.10 КаАП РБ: Прапаганда і (або) публічная дэманстрацыя, у тым ліку з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт альбо іншай інфармацыйнай сеткі, выраб і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.

Частка 2 артыкула 17.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Падставай для адміністрацыйнага пераследу Аляксандра Горбача сталі ягоныя перапосты ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” з абрэвіятурамі і здымкамі антыфашысцкага зместу. Праз катэгарычную нязгоду з судовым рашэннем ён падаў касацыйную скаргу.

21 снежня Гродзенскі абласны суд разгледзіў скаргу Горбача. Суддзя Васіль Скок пакінуў рашэнне Кастрычніцкага райсуда Гродна ў сіле, была выключаная толькі згадка пра размяшчэнне ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт надпісу «СЛОН».

У каментары карэспандэнту Службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр Горбач зазначыў, што не мае асаблівага спадзеву на скасаванне пакарання:

— Няікіх ілюзій я не маю. Трэба проста прайсці інстанцыю старшыні абласнога суда, якому, падкантрольныя ўсе справы, якія разглядаюцца ў гэтым судзе. Адзіная надзея, калі яна яшчэ можа быць у гэтай сістэме, гэта — Вярхоўны суд, інстанцыя, якая мае права трактаваць закон. Надзорная скарга складзеная вельмі разумна, аднак верагоднасць таго, што прыслухаюцца да выкладзеных у ёй довадаў на гэтым этапе, я думаю, мінімальная. Навошта ж дзяржаве адмаўляцца ад такога аднаразовага грашовага ўзносу? Я не выключаю, што калі прайду ўсе судовыя інстанцыі, буду звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Рукі апускаць я не збіраюся.

За рэпосты ў сацсетках паводле артыкула 17.11 КаАП, апроч Аляксандра Горбача, раней былі пакараныя журналіст-фрылансер, адзін з лідараў беларускага гурта Dzieciuki Аляксандр Дзянісаў і Уладзіслаў Серада. Яны спрабавалі скасаваць рашэнні першай інстанцыі ў Гродзенскім абласным судзе, аднак пастановы ў дачыненні да іх пакінулі без змен (1, 2). Штраф за рэпосты ў сацсетках атрымаў і гродзенец Уладзімір Глазкоў.