284 0

Гродзенцы прымаюць WATCH DOCS BELARUS

24.10.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 У Гродне 23-30 кастрычніка на шасці незалежных пляцоўках праходзіць міжнародны фестываль дакументальнага кіно па правах чалавека WATCH DOCS BELARUS.

Усе фільмы гэтага года прысвечаныя постсавецкай прасторы. Пра іх адметнасці распавядае арганізатар фестывалю Вольга Галецка:

— Гэта будуць фільмы, звязаныя з правамі чалавека. Для Цэнтральнай Еўропы, дзе фестываль пачаўся — гэта вельмі важна, таму што фестывалі па правах чалавека неяк звязаныя з таталітарнай сістэмай, яны пра гэту сістэму распавядаюць.

Напрыклад, эстонскі фільм пра выбары. Фільм пра катастрофу на Саяна-Шушанскай ГЭС у Расіі, што вельмі актуальна для Беларусі, бо шмат хто параўноўвае гэтую аварыю з аварыяй у Чарнобылі. У нас таксама будзе фільм пра музей у ГУЛАГу. У стужцы паказаны падыход дзяржавы да гэтага, і што хочуць людзі, якія ў гэтым ГУЛАГу знаходзіліся.

— Што для вас такія паказы і чаму вы вырашылі імі займацца?

Я ніяк не звязана з абаронай правоў чалавека. Мне цікава, таму што я бачу, што ёсць шмат праблем, якія не абмяркоўваюцца ў Беларусі, якія напэўна трэба абмяркоўваць. І я проста глыбока веру ў тое, што калі людзям даць такі штуршок, пачаць – гэта хваля пойдзе далей.

— У гэтым годзе фэст ладзіцца амаль на ўсіх незалежных пляцоўках. З чым гэта звязана?

Я за тое, каб прыцягваць да такіх фэстаў як мага больш людзей. Мне здаецца, калі мы будзем ладзіць фэст на розных пляцоўках, то прыцягнем вельмі розных людзей, якія магчыма не прыйшлі б у іншае месца. Напрыклад, новае месца правядзення сёлетняга фэста – гэта тайм-кавярня “Партал”, дзякуючы яму мы пакажам гэтае кіно зусім новым людзям.

Пра свае першыя ўражанні пра фестываль WATCH DOCS BELARUS распавядае сябра ГА “БАЖ” Аляксандр Саенка:

— Мне ў Гродне вельмі не хапае фэстаў дакументальнага кіно, арт-хаўза, таму што ў гродзенскіх кінатэатрах паказваюць толькі блокбастары, нейкія камедыі і баявікі. А кіно, дзе можна было б пабачыць нейкія сацыяльныя гісторыі, важныя падзеі і эпохі, – іх амаль няма. Першы фільм фестывалю пра катастрофу на Саяна-Шушанскай ГЭС — поўнасцю была паказаная ўся гісторыя трагедыі. Я амаль нічога не ведаў пра гэтую аварыю, і для мяне гэта было вельмі цікава.

Для паказу фестывальных кінастужак у 2017 годзе задзейнічаныя такія пляцоўкі як “Цэнтр гарадскога жыцця”,  “Дом 46”,  веган-бар “Несцерка”, цэнтр “Трэці Сектар”, дзе кожны дзень будуць адбывацца апроч паказаў фільмаў розныя майстар-класы і лекцыі.

Каментары