867

Гродзенcкага журналіста Яна Романа апраўдалі за недаказанасцю віны

18.12.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 17 снежня перагледзеў адміністрацыйную справу журналіста Яна Романа паводле арт. 23.34 КаАП ад 11 жніўня і гэтым разам спыніў яе за недаказанасцю віны.

У жніўні на падставе міліцэйскага пратакола суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў журналіста вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і пакараў штрафам на 15 базавых велічынь.

Ян Роман не пагадзіўся з судовым рашэннем і абскардзіў яго ў абласную інстанцыю. Гродзенскі абласны суд, разгледзеўшы скаргу, скасаваў рашэнне раённага суда ў дачыненні журналіста і вярнуў справу ў Кастрычніцкі райсуд на новы разгляд іншым суддзёй.

Гэтым разам справу Романа вяла суддзя Алена Тоўсцік-Самойла. Адбылося некалькі пасяджэнняў — суддзя выклікала ў суд сведак-амапаўцаў, але яны ніводнага разу не з’явіліся. У судзе таксама было зачытанае рэдакцыйнае заданне журналіста, з якога вынікала, што Роман у той дзень выконваў прафесійныя абавязкі.

Суд над Янам Романам быў звязаны з падзеямі 10 жніўня, калі яго затрымалі каля будынка Кастрычніцкага райаддзела міліцыі “людзьмі ў чорным”. Падчас затрымання праваахоўнікі жорстка збілі журналіста: выбілі чатыры зубы, зламалі руку, нос і костку твара. У такім фізічным стане амаль суткі яго трымалі пад вартай да суда. Роман тры месяцы знаходзіўся пасля на бальнічным, з-за гэтага суд быў перанесены.

«Мне сразу удар ногой – выскочили зубы и разбились очки». В Гродно избили тележурналиста

Ян Роман зазначае, што рашэнне суда ад 17 снежня для яго даволі нечаканае.

— На маёй практыцы не было такіх выпадкаў, калі прызнавалі рашэнне суда несапраўдным за недаказальнасцю віны, як бы апраўдалі мяне. Іншая справа, што я ўжо сплаціў штраф і дзяржава, калі супрацоўнікі міліцыі не будуць абскарджваць рашэнне суда, мусіць мне вярнуць грошы. Для мяне гэта таксама выглядае дзіўным, бо зазвычай наша дзяржава не вяртае ніколі тое, што ўзяла, — кажа журналіст.

Справа пра збіццё Яна Романа знаходзіцца на праверцы ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!