275

Гродна: Ян Хведчын атрымаў узнагароду ва Украіне за выдатнае ФОТА

06.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі фатограф Ян Хведчын атрымаў бронзавы медаль на конкурсе Live Press Photo 2019, які адбываўся сёлета ва Украіне.

Здымак фатографа меў назву “Праліўная радасць”, ён паказвае момант традыцыйнага свята, што ладзіцца на Гродзеншчыне каля Аўгустоўскага канала.

“Удзельнічаў у гэтым конкурсе трэці год запар, заняў 3-е месца з 6-ці, — распавядае Ян Хведчын. — Пра сам конкурс даведаўся ад калег фатографаў. Фотаконкурс міжнародны, дасылаюць туды працы з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, і ў гэтым конкурсе вельмі высокія патрабаванні да прац. Ён праводзіцца шмат гадоў і з’яўляецца адным з галоўных конкурсаў прэс-фота Украіны”.

Ян Хведчын зазначае, што з гадамі ў яго паляпшаецца якасць здымкаў, і хочацца зрабіць унікальнае фота, не падобнае на здымкі калег-фатографаў. За апошні месяц фатограф адправіў некалькі заявак на розныя конкуры. “Пасля атрымання ўзнагароды жаданне толькі ўзрасло, ды і колькасць прац, якія можна прадставіць на конкурсах, павялічылася”, — кажа фатограф.

Ян Хведчын супрацоўнічае з рознымі СМІ Гродзешчыны. Ён рабіў здымкі для “Гродзенскай праўды” і “Вечернего Гродно”, партала TUT.BY і іншых незалежных СМІ, ладзіў розныя прыватныя праекты.