291

Гродна: выстава ад Hrodna.life адкрывала гарадское свята ФОТЫ

16.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "БАЖ", усе фота Надзеі Вішнеўскай, Hrodna.life

Выстава пад назвай “Гродзенцы з мінулага”, арганізаваная рэдакцыяй незалежнага інтэрнэт-выдання Hrodna.life, адкрывала 14 верасня свята да Дня горада.

Экспазіцыя зроблена са старых фотаздымкаў, якія некалькі год збіраў журналіст, сябра ГА “БАЖ” Руслан Кулевіч. Яна прадстаўленая ў выглядзе банераў, прычэпленых да парэнчаў моста на вуліцы Горкага, адной з цэнтральных вуліц горада.

Пра стварэнне гэтай выставы кажа Руслан Кулевіч: “Мы планавалі зрабіць выставу ў вокнах старых будынкаў на вуліцы Міцкевіча ў раёне Новы Свет, але ў гарвыканкаме нам прапанавалі зрабіць выставу на Дзень горада на парэнчах моста. Гэта прыемна, што ўлады звярнуліся да нас. Мы спадзяемся, што і далей будзем супрацоўнічаць з імі. Выстава зробленая з перададзеных нам у рэдакцыю  здымкаў сталых гродзенцаў”.

Здымкі, прадстаўленыя на выставе, увойдуць у новую кнігу Руслана Кулевіча. Яна  стане працягам кнігі “Горад адзін, успаміны розныя”, якая выйшла напрыканцы 2018 года.