409

Гродна: трансляцыі пасяджэнняў дэпутатаў не будзе

06.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Гродзенскія актывісты атрымалі адказы з дзяржаўных тэлеканалаў “Гродна Плюс” і тэлерадыёкампаніі “Гродна” на зварот з просьбай трансляваць у прамым эфіры пасяджэнні Гродзенскага савета гарадскіх дэпутатаў.  

Абодва тэлеканалы паведамілі, што праводзіць трансляцыі пасяджэннняў мясцовых дэпутатаў яны не будуць, бо не маюць на тое тэхнічных магчымасцяў.

Адказ тэлеканалаў здзівіў заяўнікаў зваротаў.

“Атрымліваецца, што паказаць якое-небудзь футбольные спаборніцтва ці чарговае разразанне чырвонай стужкі на паказушных мерапрыемтвах яны могуць, а  паказаць тое, што можа цікавіць выбаршчыкаў — у іх няма тэхнічных магчымасцяў. Аднак, калі дырэктар тэлеканала “Гродна Плюс” сам з’яўляецца гарадскім дэпутатам, можа, яму самому недаспадобы, каб яго выбаршчыкі бачылі, чым ён займаецца на пасяджэннях?” — зазначае актывіст Аб’яднанай Грамадзянскай партыі і адзін з заяўнікаў Ігар Банцар.

Актывісты АГП далей намераныя звяртацца да кіраўніцтва Гродзенскіх гар-  і аблвыканкама з просьбай знайсці ў бюджэце грошы, каб набыць для гродзенскіх тэлеканалаў неабходную апаратуру. Таксама іх цікавіць, чаму да сёння няма гэтага абсталявання ў гродзенскіх тэлевізійшчыкаў і куды ідуць грошы, што выдзяляюцца з бюджэта на гэтыя тэлеканалы.