268

Гродна: суд не задаволіў скаргу Юрыя Лакціёнава на штраф за распаўсюд газеты “Гродненское время”

02.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Грамадскі актывіст Юрый Лакціёнаў 26 лютага спрабаваў абскардзіць ў Гродзенскім абласным судзе адміністрацыйны штраф, вынесены яму за распаўсюд газеты “Гродненское время”.

Разгляд скаргі ў выніку завершыўся не на яго карысць. Суддзя абласнога суда Валерый Раманоўскі пакінуў ў сіле рашэнне Кастрычніцкага райсуда Гродна пра пакаранне Лакціёнава штрафам у памеры 20 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Грамадскі актывіст не задаволены тым, як яго справу разглядаў суддзя Раманоўскі:

“Падчас судовага пасяджэння і разгляду справы я знайшоў парушэнні: нехта пакінуў асадкай допіс у пратаколе, згодна якога мяне судзілі не толькі па артыкуле 22.9, але і па іншым артыкуле таксама. Не ведаю, хто і калі зрабіў допіс ў пратакол, — распавёў Юрый Лакціёнаў. — Я паведаміў на судзе, што напісаў з гэтай нагоды заяву ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці. Суддзя вельмі доўга і ўважліва слухаў, а па выніку не задаволіў маю скаргу”.

Лакціёнаў збіраецца далей абскарджваць рашэнне аб прызнанні яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ, вынесенае 1 лютага суддзёй Кастрычніцкага раёна Гродна Віталём Лабоцкім.

Нагадаем, у снежні 2020 года сілавікі правялі ператрус ў Юрыя Лакціёнава: адабралі некалькі тэлефонаў, два камп’ютары, а таксама аўтамабіль, які са снежня знаходзіцца на штрафстаянцы міліцыі. Цяпер мужчына, які мае групу інваліднасці, спрабуе праз напісанне скаргаў вярнуць тэхніку і аўтамабіль, які яму па медыцынскіх паказаннях патрэбны для перасоўвання па горадзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!