210

Гродна: суд над Ігарам Бублікавым перанесены на наступны тыдзень

07.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе рэдактара NewGrodna.by  Ігара Бублікава ізноў было перанесенае. 7 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна на самым пачатку слухання журналіст заявіў хадайніцтва аб прысутнасці на судовым працэсе адваката, і суддзя яго задаволіў.

Наступнае пасяджэнне па справе журналіста, якога вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянавай вулічнай акцыі, адбудзецца 13 кастрычніка ў 14.30.

“Для мяне было здзіўленнем, што мне памянялі суддзю. З гэтай прычыны я папрасіў абарону, і суддзя даў мне на тое магчымасць — таму разгляд справы перанеслі. Спадзяюся, што за тыдзень я паспею знайсці адваката”, — распавёў Ігар Бублікаў пра свой паход у суд.

Таксама Ігар адзначае, што на прэцэс ізноў не пусцілі журналістаў. Калі ў мінулы раз на ўваходзе ў будынак суда вісела аб’ява, што ўваход забаронены ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, то гэтым разам міліцыянты-ахоўнікі проста паказвалі адпаведную выпіску з рашэння Вярхоўнага суда.

Нагадаем, рэдактара NewGrodna.by Ігара Бублікава 27 верасня затрымалі супрацоўнікі міліцыі, калі ён асвятляў марш пратэсту ў Гродне. У дачыненні да яго завялі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.34 КаАП, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, і амаль суткі пратрымалі пад вартай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!