702

Гродна стане пабрацімам Нур-Султана, — чыноўнікі пагражаюць Hrodna.life судом за першакрасавіцкі жарт

01.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Надрукаваны 1 красавіка — да Дня смеху — жарт на сайце Hrodna.life не спадабаўся ідэолагам Гродна.

Рэдакцыя апублікавала жартаўлівую нататку “Гродна стане пабрацімам Нур-Султана, а замест Чапаева паставяць Назарбаева”.

Рэдактар выдання Аляксей Шота здзівіўся рэакцыі мясцовых ідэолагаў:

“Мы пажартавалі пра тое, што гродзенцы падораць Казахстану помнік Віктара Лясковіча. Гэта намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дастаткова важная ў горадзе асоба. І я думаў, што гэты чалавек з даволі добрым пачуццём гумару. Аднак ужо праз гадзіну пасля публікацыі жартаўлівай навіны на сайце пазванілі з аддзела ідэалогіі аблвыканкама і папрасілі прыбраць гэту інфармацыю. Бо, маўляў, будуць нейкія наступствы ў выглядзе суда”, — распавёў рэдактар Hrodna.life карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Аляксей Шота кажа, што гэтая публікацыя была бяскрыўдным жартам. На яго думку, калі справа дойдзе да суда — гэта будзе адзін з самых абсурдных судовых працэсаў.

Рэдакцыя Hrodna.life ужо судзілася з-за сваіх артыкулаў ў 2017 годзе з камунальным унітарным прадпрыемствам «Гроднааблвідэапракат» і выйграла суд.

Сайт скрытыкаваў Гарадзенскі кінавідэапракат — і адстаяў пазыцыю ў судзе