969

Гродна: прэзентацыя кнігі «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязні»

08.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст "Радыё Свабода" Валеры Каліноўскі прадставіў у Гродне кнігу пра першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі Эльжбету Смулкову.

Выданне мае назву "Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязні”. Журналіст пісаў гэтую кнігу амаль 10 год, выданнне складаецца з расповядаў пані Эльжбеты, гісторыі яе навуковай дзейнасці, а таксама распавядае пра працу першай амбасадаркі Польшчы ў Беларусі.

"Я атрымаў вялікае задавальненне, працуючы над кнігай, шукаючы розныя дакументы, вывучаючы творы пані Эльбеты, размаўляючы з ёю", — распавёў Валер Каліноўскі.

"У мяне была ўнікальная магчымасць з ёй размаўляць цягам 8 дзён, гэта былі персанальныя лекцыі па беларусістыцы, па беларуска-польскіх дачыненнях. Вялікае задавальненне напісаць пра яе кнігу, рэдагаваць, каб кніга была дакладная і не мела фактычных памылак. Канешне, ёсць невялічкія недакладнасці, бо гэтая кніга фактычна прысвечаная цэламу стагоддзю. Даводзілася звяртацца, напрыклад, у архівы СБУ, каб атрымаць інфармацыю з украінскага катынскага спісу, таксама я звязваўся і з беларускімі дзеячамі. На маю думку, было складана напісаць пра “сібірскі перыяд” пані Эльжбеты. Яна была ў выгнанні 5 год, калі бацьку забралі і забілі ў Катыні. У Сібіры малыя дзеці жылі з матуляй. Эльжбета Смулкова мала памятала і ведала пра той перыяд. Але я ўдзячны маме пані Эльжбеты. Таксама я знайшоў у інтэрнэце шмат кніг пра Нарымскі край, дзе яны і жылі. У першую чаргу кніга пра яе. Гэта не проста размова, гэта — дакумент. Я ганаруся тым, што пані Эльжбета зацвердзіла кожнае слова", — адзначыў Валер Каліноўскі.

На сустрэчу ў Цэнтр гарадскога жыцця ў Гродна прыйшлі былыя выкладчыкі гродзенскага Купалаўскага ўніверсітэта, студэнты. Кожны жадаючы мог узяць сабе ў падарунак кнігу з гісторыяй пра цікавага чалавека.

Фота Аляксандра Саенкі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!