357

«Грамадзкі парадак парушаны ня быў». Міліцыя адмовілася заводзіць справу за аголеную акцыю мастака

13.11.2019 Крыніца: Радыё Свабода

Міліцыя пасьля праверкі адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць мастака Аляксея Кузьміча, на якога напісалі скаргу за аголеную акцыю 3 кастрычніка на адкрыцьці выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ).

Пра гэта Аляксей Кузьміч паведаміў у Фэйсбуку.

У пастанове аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы гаворыцца, што

  • выступ мастака быў узгоднены з кіраўніцтвам цэнтру, хоць падрабязнасьці яго і не абмяркоўваліся,

  • мастак «ня меў намеру на хуліганскія дзеяньні», патлумачыў свае дзеяньні як «мастацкае выказваньне на мастацкай пляцоўцы і ў рамках мастацкага поля»,

  • ягоную акцыю «не перапыніў і не спыніў» ніхто з прадстаўнікоў НЦСМ,

  • «палавыя органы Кузьмічом не агаляліся і прысутным не дэманстраваліся», «грамадзкі парадак парушаны ня быў».

    Як адзначаецца ў пастанове, улічваючы вышэй пералічанае, у дзеяньнях Аляксея Кузьміча адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага Крымінальным кодэксам, іх можна кваліфікаваць паводле арт. 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («дробнае хуліганства» (караецца штрафам ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам).

Мастак Аляксей Кузьміч 3 кастрычніка правёў акцыю «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры». Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».

Пратэст супраць цэнзуры ацанілі ня ўсё — на мастака падалі заяву ў міліцыю. Як вынікае з дакумэнтаў, грамадзянка О.А. Іназемцава запатрабавала прыцягнуць Кузьміча да крымінальнай адказнасьці за «грубае парушэньне грамадзкага парадку».

НЦСМ заявіў пра поўную недатычнасьць да акцыі мастака і што «рэзка асуджае любыя дзеяньні і акцыі, якія праяўляюць цынічную непавагу да грамадзтва і ягоных дзяржаўных інстытутаў».

10 кастрычніка мастака выклікалі ў міліцыю. У сваім фэйсбуку ён апублікаваў прэтэнзію НЦСМ, дзе ўстанова прапануе тэрмінова выбачыцца за акцыю ў інтэрнэце. У іншым выпадку НЦСМ абяцае судзіцца з Кузьмічом у абарону сваёй дзелавой рэпутацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!