210

Грамадскія актывісты Брэста патрабуюць ад уладаў праз медыя паведамляць пра захады ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса

06.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

Прадстаўнікі арганізацыі “За свой горад” звярнуліся да выканаўчых і прадстаўнічых органаў улады Брэста з прапановай стварыць у горадзе аператыўны штаб і тэрмінова прыняць шэраг захадаў, скіраваных на прафілактыку і зніжэнне распаўсюду COVID-19.

Адпаведныя звароты накіраваныя ў Брэсцкі гарвыканкам і Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў.

Як адзначыла кіраўнік аналітычнага цэнтра арганізацыі “За свой горад” Ганна Канюс, актывісты ўважліва прааналізавалі інфармацыю, размешчаную на сайце Брэсцкага гарвыканкама, у дзяржаўных газетах “Брестский вестник”, “Вечерний Брест” і “Заря”.

— Нам не ўдалося выявіць адмысловых рашэнняў выканаўчага ці прадстаўнічага органаў улады ў нашым горадзе, якія тычацца прафілактычных мер па прадухіленні распаўсюду каранавіруснай інфекцыі, — канстатуе Ганна Канюс.

У сваю чаргу кіраўнік арганізацыі “За свой горад” Ігар Маслоўскі заклікае не чакаць, пакуль бяда сама прыйдзе ў Брэст і тады ўжо прымаць меры.

— Нават ва ўмовах адсутнасці агульнадзяржаўнага каранціну бяздзейнасць мясцовых органаў улады выклікае заклапочанасць і трывогу ў грамадскасці Брэста. Своечасова прынятыя меры прафілактыкі, магчыма, прынясуць некаторыя нязручнасці, але дазволяць паменшыць рызыку распаўсюду COVID-19, — упэўнены Ігар Маслоўскі.

На яго думку, Брэсцкі гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў валодаюць дастатковымі паўнамоцтвамі для прыняцця аператыўных і важных рашэнняў для захавання жыцця і здароўя жыхароў свайго горада. Гэтыя рашэнні павінны аператыўна з’яўляцца ў СМІ і на сайтах дзяржаўных устаноў.   

Акрамя таго, прапануецца адкрыць “гарачую лінію” для аператыўнага рэагавання на ўсе пытанні, звязаныя з каранавірусам, куды могуць патэлефанаваць ці напісаць жыхары горада (у тым ліку ананімна), каб паведаміць пра любыя праблемы альбо прапановы, звязаныя з прафілактыкай і распаўсюдам COVID-19.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!