Грамадскага актывіста гісторыка Уладзіміра Валодзіна ссадзілі з аўтобуса на беларуска-літоўскай мяжы за кнігу пра смяротнае пакаранне ў Беларусі.
Як паведаміў БелаПАН Валодзін, 9 кастрычніка ён вяртаўся ў Мінск на рэйсавым аўтобусе з Вільнюса. Прыблізна апоўначы пры надглядзе багажу ў пункце пропуску "Каменны Лог" мытнікаў зацікавіла кніга "Смяротнае пакаранне ў Беларусі", выданая ў 2015 годзе ў Вільнюсе.
"Мяне ссадзілі з рэйса і пачалі вельмі павольна складаць нейкія дакументы. Потым да мяне падышоў старшы інспектар і папрасіў напісаць тлумачэнне проста на белым аркушы паперы. Я яму сказаў, што мне такая форма працы дзяржавы з грамадзянамі не знаёмая. Ён сказаў: "Раз так, значыць будзе даўжэй". Пасля гэтага мяне яшчэ раз надгледзелі і знайшлі дыск "Дысідэнт" пра Міхаіла Кукабаку, які, як і кнігу, канфіскавалі", — сказаў Валодзін.
Паводле яго слоў, праз нейкі час да яго падышоў галоўны інспектар па прозвішчы Карэйва і растлумачыў, што згодна з артыкулам 113 Мытнага кодэкса актывіст павінен напісаць тлумачэнне, якое запаўняецца па пэўнай форме. "Ён мне гэтую форму даў. Я яе запоўніў, дзе растлумачыў, што кнігу і дыск знайшоў у фае Каўнаскага ўніверсітэта і планаваў выкарыстоўваць іх для сябе", — адзначыў грамадскі актывіст.
Блізу чацвёртай гадзіне ночы яму ўручылі акт мытнага надгляду, акт адбору пробаў і ўзораў, а таксама апавяшчэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы. "За ўвесь час мне ні разу не было сказана, што менавіта плануюць правяраць. Недзе ў 3.40 мяне пасадзілі на іншы аўтобус, і я паехаў у Мінск", — паведаміў Валодзін. Ён мае намер звярнуцца да праваабаронцаў па кансультацыю наконт магчымага абскарджання дзеянняў мытных органаў.