258

Гомельскія журналісты распачалі анлайн-флэшмоб супраць пераследу, арыштаў і штрафаў

23.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гомелі стартаваў анлайн-флэшмоб салідарнасці з рэпрэсаванымі журналістамі. Яго ініцыятарам стала сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова. У сацыяльнай сетцы Facebook Шчыракова прапанавала распавядаць пра журналістаў Гомельшчыны, якія пацярпелі ў выніку пераследу за прафесійную дзейнасць падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў і асвятлення паслявыбарчых маршаў пратэсту супраць фальсіфікацыі іх вынікаў.

На ілюстраванай старонцы ў Facebook расказваецца пра трэці арышт сябра ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса, які зараз адбывае пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама нібыта за ўдзел ў недазволеным маршы, хоць насамрэч ён асвятляў гэты марш. Міліцыянты прэвентыўна затрымалі Яўгена 14 верасня, а 17-га на выяздным пасяджэнні ў Навабеліцкім РАУСе суд пакараў арыштам на 15 сутак.

Дзесяцісуткавы арышт адбывае ў ІЧУ і незалежная журналістка-фрылансер, сябра ГА "БАЖ" Марына Драбышэўская. Яе таксама пакаралі паводле артыкула 23.34 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянавай вулічнай акцыі.

Пасля 5-суткавага арышту нядаўна выйшаў на волю відэааператар, сябра ГА "БАЖ" Андрэй Толчын, таксама абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У райцэнтры Акцябрскі на падставе міліцэйскага пратакола ў жніўні быў арыштаваны на 15 сутак нібыта за дробнае хуліганства і перашкоду дзейнасці ўчастковай выбарчай камісіі блогер, сябра ГА "БАЖ" Андрэй Павук. Андрэй здымаў пасяджэнне выбарчай камісіі, на якім яго жонку, незалежную назіральніцу на ўчастку ў Гацкай базавай школе, меліся пазбавіць акрэдытацыі.

Саму ініцыятарку анлайн-флэшмобу Ларысу Шчыракову двойчы прэвентыўна кідалі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што яна выхоўвае непаўнагадовага сына, а пасля штрафавалі на буйныя сумы. Апроч таго, міліцыянты Гомельскага РАУС перыядычна цікавалі ля дома журналісткі, каб яна не змагла патрапіць на масавыя акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі.

Міліцэйскую аблогу перажывалі 8 і 9 жніўня сябры ГА "БАЖ", муж і жонка Сяргей Ляпін і Марыя Ляпіна-Булавінская. 6 верасня яны знялі ў Гомелі чарговы пратэстны марш супраць фальсікацыі вынікаў выбараў, пра што расказалі ў відэароліку "Атмасфера на гомельскім маршы Адзінства" і змясцілі яго на Facebook у пабліку "Флагшток". У Чыгуначным РАУСе супраць Ляпіных склалі адміністрацыйны пратакол — зноў-такі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і цяпер Сяргей і Марыя чакаюць выкліку ў суд.

Агляд матэрыялаў па Гомельскай вобласці чытайце ТУТ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!