1977

Гомельскія мытнікі канфіскавалі ў беларускіх журналістаў, якія вярталіся з Кіева, зборнікі "Стоп цэнзуры!"

23.04.2015 Крыніца: Алена Германовіч, БелаПАН Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Гомельскія мытнікі канфіскавалі ў беларускіх журналістаў, якія вярталіся з Кіева 20 красавіка, зборнікі тэкстаў і карыкатур "Стоп цэнзуры! Грамадзяне за вольную краіну".

Групу беларускіх журналістаў і прадстаўнікоў НДА ў пункце пропуску "Паддабранка" (Гомельскі раён) супрацоўнікі мытні пратрымалі прыкладна тры гадзіны. Ва ўкраінскай сталіцы яны ўдзельнічалі ў працы семінара "СМІ і НДА: сучасныя выклікі і тэндэнцыі. Тэматычная журналістыка".

Як паведаміла БелаПАН кіраўнік прэс-службы руху "За Свабоду" Вольга Быкоўская, мытнікі звярнулі пільную ўвагу на літаратуру, якую перавозілі журналісты. Зборнікі тэкстаў і карыкатур "Стоп цэнзуры! Грамадзяне за вольную краіну" былі выдадзеныя ва Украіне па выніках міжнароднага конкурсу.

Забраныя друкаваныя матэрыялы мытнікі маюць намер праверыць на наяўнасць экстрэмізму.

"Таксама супрацоўнікаў мытні насцярожыла, што кнігі былі на ўкраінскай мове. Я паспела прагартаць выданне і лічу, што там няма прыкмет экстрэмізму, — кнігі цалкам прысвечаныя барацьбе з цэнзурай. Адзінае, што можа збянтэжыць нашы ўлады — украінскі погляд на падзеі на Данбасе ў некалькіх карыкатурах. Але ўсё ж наша краіна прытрымліваецца нейтралітэту ў гэтым канфлікце, і гэта не можа быць падставай для прызнання літаратуры экстрэмісцкай", — пракаментавала журналіст.

Паводле яе слоў, пагранічнікі і мытнікі паводзілі сябе карэктна, але ўсе ж тры гадзіны часу былі страчаныя, а кнігі — канфіскаваныя. Канфіскацыю кніг Вольга Быкоўская называе перастрахоўкай і прадузятым стаўленнем улад да незалежных журналістаў і прадстаўнікоў НДА.