1219

Гомельскія БАЖаўцы падвялі вынікі года

14.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія ГА “БАЖ” 12 снежня падвяла на сходзе вынікі сёлетняй працы і вызначыла некаторыя накірункі дзейнасці ў 2016 годзе.

Цікавасць у журналістаў выклікалі прэс-туры, арганізаваныя філіяй у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік і на народнае свята “Русалле” ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна – у іх узялі ўдзел не толькі гомельскія журналісты, але і сябры БАЖ з Мінскай, Брэсцкай  ды Магілёўскай абласцей. 

Ладзіліся майстар-класы па фотажурналістыцы, падрыхтоўцы інтэрв’ю з цяжкімі суразмоўцамі.

У верасні падвялі вынікі конкурса “За адданасць прафесіі”, у якім узялі ўдзел і сябры ГА “БАЖ” з Брэста і Мінска. Конкурс набыў статус міжрэгіянальнага.

Да 20-годдзя  БАЖу ў Гомелі ладзілі вечарыну з запрашэннем мясцовых бардаў – Вальжыны Цярэшчанкі і Змітра Вінаградава.

Філія падтрымлівала сваіх чальцоў у судах, якія адбываліся паводле адміністрацыйных пратаколаў, складзеных супрацоўнікамі міліцыі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Скаргі Міколы Бянько і Ларысы Шчыраковай накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека, паколькі яны вычарпалі сродкі прававой абароны ўнутры Беларусі.

У планах філіі на наступны год – цікавыя прэс-туры, варштаты дзеля павышэння прафесійнага майстэрства журналістаў.

Пасля сходу адбылася сустрэча з юрыстам Аляксандрам Жуком, які распавёў пра  прававыя і гаспадарчыя аспекты фрыланс-журналістыкі.

Лунінецкая філія БАЖ прааналізавала працу за год

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!