1440

Гомельскім журналістам такі вынеслі папярэджанні, у суботу іх выклікаюць у міліцыю ў 10:00

24.03.2017

Гомельскім незалежным журналістам Марыі Булавінскай, Сяргею Ляпіну, Марыне Драбышэўскай і Яўгену Меркісу 24 сакавіка гомельская пракуратура вынесла папярэджанні аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі. У суботу раніцай журналістаў выклікаюць у міліцыю.

У пятніцу незалежныя журналісты ад самай раніцы пачалі атрымліваць запрашэнні праз тэлефон, а потым і позвы аб неабходнасці з'явіцца ў пракуратуру у другой палове дня.

У выніку пракуратура вынесла карэспандэнтам папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб СМІ. У прыватнасці, супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі. Журналісты расцэньваюць дадзеныя папярэджанні як ціск перад запланаванай на 25 сакавіка акцыяй, якую "Белсат" збіраецца актыўна асвятляць.

Апроч гэтага на 10 гадзін раніцы ў суботу журналістаў Марыю Булавінскую, Марыну Драбышэўскую і Яўгена Меркіса выклікаюць у міліцыю нібыта для складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пра якое парушэнне журналісты пакуль не ведаюць і мяркуюць, што гэта будзе проста спроба інтэрнаваць іх перад працай на акцыі.

Нагадаем, што толькі ўчора Меркіс быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў за асвятленне акцыі ў Рагачове.

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!