Названыя “Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасці” 2017 года.
21 снежня Асамблея НДА зладзіла дзявятую цырымонію ўганаравання пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасці”, каб адзначыць выбітных асобаў і важныя падзеі трэцяга сектара Беларусі ў 2017 годзе.
Пераможцам у намінацыі “Грамадскі лідар года” стаў каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі — рухавік кампаніі “Павестка 50”. Яна разгарнулася ў пяці беларускіх гарадах і была накіравана на імплементацыю палажэнняў Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.
У намінацыі “Новая ініцыятыва” журы адзначыла ажно два пераможцы. Імі сталі грамадскі рух “Дзея” і ініцыятыва “Хайсы” (Віцебск). Статуэтку і дыпломы ад імя “Дзеі” атрымалі актывісты Аліна Нагорная і Ўладзімер Бараноўскі. За перамогай з Віцебску прыехалі Ян Дзяржаўцаў, Уладзімер Іваноў.
“Крэатывам года” была названа акцыя “Ноч расстраляных паэтаў” — супольная ініцыятыва Маладога Фронту і творчых асяродкаў. Прэмію ад журы атрымалі Наста Дашкевіч і Ўладзімер Някляеў.
У намінацыі “Медыя / журналіст / журналістка года” перамог гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч. Ягоны канал на YouTube стаў такім папулярным, што ўлады абвінавацілі Максіма ў “падмене дзяржаўных СМІ”.
“Гарбуз года” ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ды іх прадстаўнікоў. Сёлета журы вырашыла “адзначыць” гэтай антыпрэміяй крымінальную справу па “факце” навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былых актывістаў арганізацыі “Белы легіён” і спартыўна-патрыятычнага клюбу “Патрыёт”.
Рэгіянальнай падзеяй назвалі “маршы недармаедаў” супраць дэкрэту №3, якія прайшлі сёлета ў розных гарадах Беларусі. У акцыях бралі актыўны ўдзел грамадзкія актывісты і мясцовыя жыхары. Прыз у гэтай намінацыі атрымалі прадстаўнікі Слоніма, Воршы і Гомеля.
За рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб'яднала партнёраў з розных сфераў і сектараў у намінацыі “Партнёрства года” статуэтку атрымалі Беларускія ўікэнды. Дзякуючы ім цягам 2017 году беларускамоўныя вэрсіі фільмаў былі паказаныя ў шэрагу кінатэатраў краіны.
Статуэтку і дыплом на цырымоніі атрымаў лідар ініцыятывы “Кінаконг” Андрэй Кім.
Кампаніяй году была прызнаная Кампанія ў абарону Курапатаў. Атрымаць дыплом і статуэтку на сцэну падняліся Зміцер Дашкевіч з аднадумцамі.
У намінацыі “Мэдыяактыўнасць” перамаглі сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”.
Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцьці трэцяга сэктара. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія. Прэмія заснаваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Пераможцаў абірае журы (сёлета — 110 чалавек), у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы Асамблеі, грамадскія лідары і эксперты, “чэмпіёны” мінулых гадоў, журналісты.
Фота belngo.info