279 0

Гомельскі суд аштрафаваў журналіста-фрылансера за стрым акцый пратэсту, які скарыстаў “Белсат”

19.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

У Савецкім судзе Гомеля ў дачыненні да журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса 19 красавіка разгледжаныя адразу два адміністрацыйныя пратаколы: паводле артыкула 22.9 КаАП за анлайн-трансляцыю акцыі пратэсту 11 сакавіка ў Пінску і інтэрв’ю з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у Магілёве — "Дэпутат Марзалюк не зразумеў, што людзі выходзяць не толькі супраць дэкрэту”,  якое было паказана 15 сакавіка ў праграме “Аб’ектыў” тэлеканала “Белсат”.

Суддзя Андрэй Лагуновіч, які разглядаў пратаколы, складзеныя міліцыяй, прызнаў Яўгена Меркіса вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім  МЗС і пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічыняў, што складае 920 рублёў.

Віну журналіст-фрылансер не прызнаў, бо штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат” не з’яўляецца і адпаведных працоўных дамоваў не мае. Патлумачыў суду, што паводле артыкула 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь мае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Анлайн-трансляцыя з акцыі “недармаедаў” у Пінску і гутарка з дэпутатам Марзалюком былі запампаваныя на папулярную платформу YouTube, адкуль відэа мог узяць  любы інфармацыйны рэсурс, у тым ліку і “Белсат”.

За запыт суддзі Яўген паведаміў, што мікрафон з лагатыпам “Белсата” яму далі знаёмыя журналісты, а назваў ён сябе супрацоўнікам тэлеканала, бо гэта ягоная “мара стаць ім”.

Суддзя Лагуновіч цікавіўся таксама, ці вядома Меркісу, што спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” не акрэдытаваны ў Беларусі.

“Так, вядома, — адказаў фрылансер. — Некалькі разоў тэлеканал “Белсат” падаваў дакументы на акрэдытацыю ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, але атрымліваў адмову”.

Меркіс заявіў таксама, што шматлікімі судамі супраць незалежных журналістаў, фрылансераў, актывістаў беларускія ўлады лішні раз звяртаюць увагу на пратэстныя акцыі ў краіне замест таго, каб вырашаць узнятыя падчас іх значныя для нашага грамаддства пытанні — жахлівы стан беларускай эканомікі, паслабленне сацыяльнай падтрымкі грамадзянаў. Аднак пераследам і штрафамі, на думку Яўгена Меркса, сітуацыю не выправіць.

Сёлета гэта ўжо другі штраф журналісту-фрылансеру ў Савецкім раённым судзе Гомеля за онлайн-трансляцыі сакавіцкіх акцый  “недармаедаў”. 23 сакавіка суддзя Віталь Каўбеня аштрафаваў Яўгена Меркіса на 30 базавых велічыняў за стрым мірнага сходу ў Рагачове.

Каментары