1387

Гомельскі праваабаронца 16 мая судзіцца з “Белорусской военной газетой”

11.05.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 16 мая мае адбыцца першае пасяджэнне паводле пазову гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі да “Белорусской военной газеты” – аб  абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Сябра ГА “БАЖ” просіць, каб у судовым парадку былі прызнаныя несапраўднымі і абвергнутыя звесткі, распаўсюджаныя пра яго 10 сакавіка журналістам “Белорусской военной газеты” Уладзімірам Кажэўнікавым і дзяржаўнай установай “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр”.

Гаворка ідзе пра артыкул “Кому выгодно порочить белорусскую армию?”, які тычыўся звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем  спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

–Я быў ініцыятарам гэтага звароту, калі стала вядома з медыяў пра ўцёкі двух салдат з прычыны збіцця і пагрозаў у вайсковай частцы №92616 у Брэсце. Пасля  гэтага  праз ваенную газету я і атрымаў суровую водпаведзь з абразамі”, – нагадвае Леанід Судаленка.

Пазоўца лічыць, што ваенная газета прыніжала ягоныя чалавечы гонар і годнасць, называючы “самаабвешчаным амбудсменам”, канфліктным чалавекам, якому “не ўпершыню ціснуць на дзяржаўныя  органы аж праз Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, праз яе Камітэт па правах чалавека”.

“Асабліва мяне абразіла тое, што, паводле газеты, я займаюся “антиармейской агитацией” і “доносами”, у той час як армія абараняе Радзіму  — “в отличие от судаленок, которые прославили себя только на ниве разрушения общества”. Сам я служыў у Савецкай Арміі, мой старэйшы сын абараняў Радзіму ў шэрагах беларускага войска. Цяпер гэта робіць другі сын. Трэцяга і чацвёртага сыноў я таксама выхоўваю ў духу павагі да службы ў беларускім войску", – кажа праваабаронца.

Судаленка ў дасудовым парадку  прапаноўваў рэдакцыі выбачыцца і надрукаваць прапанаваны варыянт абвяржэння несапраўдных звестак. Аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч зрабіць гэта адмовіўся. Пасля гэтага праваабаронца звярнуўся ў суд.