264 0

Гомельскі фрылансер звярнуўся ў суд, атрымаўшы адмову ў інфармацыі

17.01.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Кастусь Жукоўскі  з Гомеля падаў у суд Цэнтральнага раёна горада пазоў, каб прымусіць кіраўніцтва ААТ “Гомельскі будаўніча-мантажны трэсту № 27” прадаставіць інфармацыю наконт дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі па сацыяльнай абароне будаўнікоў.

“Я займаюся фрылансерствам, — кажа Жукоўскі. — Здымаю відэа, фатаграфую, змяшчаю сваю прадукцыю ў youtube, прапаную  розным інфармацыйным рэсурсам.

У снежні, ведаючы, што трэст перайшоў на чатырохдзённы працоўны тыдзень, звярнуўся да намесніка генеральнага дырэктара  па кадрах, ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях Мікалая Сугака — цікавіўся, якую сацыяльную абарону маюць будаўнікі ў звязку з істотнымі зменамі ўмоваў працы.  У трэсце ж ёсьць і афіцыйная прафсаюзная арганізацыя, якая мусіць абараць інтарэсы рабочых.  Аднак ідэолаг заявіў, што паступіла ўказанне з адміністрацыі не даваць канкрэтна мне ніякай інфармацыі”. 

Атрымаўшы адмову,  Жукоўскі звярнуўся да кіраўніка трэста № 27 з пісьмовай скаргай. І атрымаў такі адказ за подпісам выканаўцы абавязкаў генеральнага дырэктара ААТ “Будаўніча-мантажны трэст №27” Юрыя Ашуркі:

“Разгледзеўшы Вашу скаргу аб адмове ў прадастаўленні інфармацыі, якая паступіла 21.12. 2016 г., лічым яе неабгрунтаванай у сувязі з тым, што, зыходзячы з пададзеных Вамі звестак, на Вас не распаўсюджваюцца нормы Закону Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2008 года “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Гомельскі праваабаронца, юрыст ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, які дапамагаў Кастусю скласці заяву ў трэст, лічыць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Жукоўскага не як прадстаўніка СМІ, а як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, чые правы, гарантаваныя беларускай Канстытуцыяй, парушаны.

“Цяпер мы падрыхтвалі заяву ў суд Цэнтральнага раёна, — паведаміў Судаленка. — Па-першае, просім прызнаць  адмову кіраўніцтва трэста № 27  на запыт інфармацыі аб сацыяльнай абароне будаўнікоў неканстытуцыйнай, бо яна абмяжоўвае правы і законныя інтарэсы фрылансера Жукоўскага. Апроч таго, прапануем абавязаць кіраўніцтва трэста выправіць дапушчанае парушэнне і даць фрылансеру запытаную інфармацыю”.

У заяве ў суд, акрамя спасылкі на  беларускую  Канстытуцыю, фрылансер спасылаецца і на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь. У прыватнасці, на артыкул 19, які прызнае права чалавека на атрыманне інфармацыі. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, за выключэннем тых, якія прадугледжваюцца ў дэмакратычным грамадстве законам у інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, правапарадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва альбо абароны правоў і свабод іншых асобаў.

Каментары