263

Гомельскі абласны суд не задаволіў апеляцыю праваабаронцы Леаніда Судаленкі

14.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Калегія грамадзянскіх спраў Гомельскага абласнога суда пад старшынствам  Жаны Ягоравай 12 снежня не задаволіла апеляцыйную скаргу праваабаронцы, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Судаленкі на рашэнне Рагачоўскага раённага суда, вынесенага 18 кастрычніка.

Тады суд у Рагачове адхіліў пазоў Судаленкі да мясцовага рэдактара Дзяніса Дашкевіча аб абвяржэнні інфармацыі, распаўсюджанай у жніўні на сайце “Рогачёв-Online”, а таксама ў Facebook, на старонках  “УКантакце” і “Аднакласнікі”.

У публікацыі пад назваю “Новы скандал у апазіцыі: не могуць падзяліць грошы”, узятай з іншага малавядомага рэсурса сцвярджалася, у прыватнасці, і такое: “Інцыдэнт з крадзяжом сяброўскіх складак прававым інспектарам РЭП Леанідам Судаленкам выліўся ў зацяжны канфлікт інтарэсаў у “Палескай крэпасці” і нават выйшаў на рэспубліканскі ўзровень”.

Леанід Судаленка ў судовым пазове і апеляцыйнай скарзе ўказваў, што абвінавачванне яго ў крадзяжы сяброўскіх складак не толькі не  адпавядае рэчаіснасці, але і прыніжае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Суд першай інстанцыі ўбачыў у прыведзеным пасажы толькі слова “інцыдэнт”, але не ўзяў пад увагу слова “кража” і прозвішча Судаленкі  за гэтым словам.

Абласная судовая калегія ў сваю чаргу канстатавала: “Па довадах, выкладзеных у апеляцыйнай скарзе, няма падставаў для адмены рашэння Рагачоўскага раённага суда”.

“У справах, дзе маецца палітычны складнік, у судах цяжка знайсці праўду.  Не выключаю, што суддзі кіруюцца ў такіх выпадках  не законамі, а тымі ўказаннямі, якія, магчыма, атрымліваюць", — зазначыў праваабаронца Судаленка. 

Паводле суразмоўцы, беларускія  ўлады праз свае структуры, у тым ліку і спецслужбы, ствараюць розныя інтэрнэт-пляцоўкі, каб праз іх зняславіць грамадскіх актывістаў і наагул людзей, якія маюць адрозную ад уладаў думку на цяперашнюю эканамічную, палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама на стан з правамі чалавека. Так лягчэй маніпуляваць увагай грамадства. Напрыклад, пераключыць гэтую ўвагу з рэальнай пагрозы суверэнітэту краіны альбо з адсутнасці рэальных выбараў на нейкі міфічны крадзёж прафсаюзных складак. Глядзіце, маўляў, апазіцыянеры “пілуюць” гранты,  крадуць і дзяляць грошы.

У гэтай сітуацыі розныя кантраляваныя невялічкія інтэрнэт-рэсурсы падліваюць смалы ў агонь праз перадрукоўкі і рэпосты, пашыраюць кампанію ганьбавання праваабаронцаў, прадстаўнікоў незалежных ад улады палітычных і грамадскіх аб’яднанняў

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!