1417

Гомельская вобласць: Штраф за паклёп на ідэолага ў сацсетках

09.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

Адміністратара суполкі «Рудабельская паказуха» ў сацсетцы “Одноклассники” Андрэя Павука аштрафавалі на 2,1 млн рублёў (10 базавых велічынь) па абвінавачанні ў парушэнні арт. 9.2. КаАП (“Паклёп”).

Такое рашэнне прыняў 6 чэрвеня суддзя Акцябрскага раённага суда (Гомельская вобласць) Уладзімір Васілеўскі.

Пратакол быў складзены па заяве намесніка начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Сяргея Зарычнага.

Падставай для звароту ў міліцыю стаў допіс Андрэя Павука, у якім ён выказваў падазрэнні наконт карумпаванасці чыноўніка. Сам адміністратар прызнае, што хацеў задаць пытанне, але атрымалася сцвярджэнне. Ён прынёс прабачэнні заяўніку ў судзе, але той не прыняў іх.

Нагадаем, што ў судзе Мінскага раёна цяпер адбываецца падобны судовы працэс: жыхарку Бараўлян Алену Максімаву падазраюць у знявазе намесніка начальніка ЖКГ Мінскай вобласці Валерыя Хахлова ў групе сацсеткі ВКонтакте «Боровляны – Защита Леса». Пратакол па арт. 9.3. КаАП склала ў пачатку мая РАУС Мінскага раёна па заяве пацярпелага.  

А Мінскі гарадскі суд нядаўна разглядаў касацыйную скаргу 79-гадовага жыхара сталіцы Аляксандра Лапіцкага, якога ў сакавіку суд прызнаў вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады, у тым ліку кіраўніка дзяржавы, і прызначыў прымусовае псіхіятрычнае лекаванне. Цяпер справу накіравалі на перагляд.