683

Гомельскаму журналісту Яўгену Меркісу міліцыя "накінула" 12 сутак арышту

29.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскі журналіст-фрылансер і краязнаўца, сябра ГА "БАЖ" Яўген Меркіс 29 верасня мусіў выйсці на волю пасля адбыцця 15-суткавага арышту па абвінавачанні ва ўдзеле ў маршы пратэсту. Але сёння з ізалятара яго не вызвалілі. Яўгену ўдалося паведаміць з-за кратаў, што міліцыя пакідае яго яшчэ на 12 сутак — "дасядзець" жнівеньскі арышт, калі ён гэтаксама быў арыштаваны на 15 сутак паводле артыкула 23.34 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У жніўні журналістаў і пратэстоўцаў вызвалялі датэрмінова на патрабаванні ўдзельнікаў пратэстных маршаў і папераджальных страйкаў працоўных калектываў. У прыватнасці, рабочыя Беларускага металургічнага завода, якія выйшлі на мітынг салідарнасці, абураліся несумленнымі выбарамі і гвалтам  сілавікоў у дачыненні мірных дэманстрантаў. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, будучы 14 жніўня ў Жлобіне на БМЗ, дэклараваў вызваленне ўсіх арыштаваных за пратэстныя акцыі.

На волю ў той час выйшаў і Яўген Меркіс, арыштаваны 12 жніўня за асвятленне "жаночага маршу" ў Гомелі. І вось зараз міліцыя прыгадала журналісту неадбытыя суткі.

"Гэта выглядае помстай за стрымы з пратэстных маршаў супраць фальсікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў", — лічыць каляжанка Яўгена Марына Драбышэўская, якая сама нядаўны выйшла на волю пасля дзесяці сутак арышту паводле артыкула 23.34 КаАП.

Яўгена Меркіса апошні раз прэвентыўна затрымалі 14 верасня менавіта з Марынай Драбышэўскай. З таго часу ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. А 17 верасня суддзя Навабеліцкага раёна Гомеля Казлоў на падставе міліцэйскага пратакола пакараў Яўгена Меркіса 15-суткавым адміністрацыйным арыштам нібыта за ўдзел у недазволеным маршы, хоць насамрэч Меркіс асвятляў гэты марш як журналіст. Судзілі Яўгена за зачыненымі дзвярыма на выяздным пасяджэнні ў Навабеліцкім РАУС. Гэта такое ноў-хаў беларускіх міліцыянтаў і судоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!