209

Гомель: штраф, суткі і новыя затрыманні журналістаў

14.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гомелі прыкладна а 17-ай гадзіне затрымалі журналістаў-фрылансераў Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую. А затрыманых у пятніцу Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына сёння судзілі.

Суддзя Гомельскага раёна Алена Малая 14 верасня пакарала журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову адміністрацыйным штрафам у памеры 25 базавых велічынь, што складае 675 рублёў.

"Судзілі мяне ажно паводле трох пратаколаў, складзеных міліцыяй на падставе артыкулаў 22.9 і 23.34 КаАП — прычым за адзін і той жа марш, што адбыўся ў Гомелі 30 жніўня. Міліцыянты Гомельскага РАУСа абвінавацілі мяне ў незаконным стрыме з маршу для польскага тэлеканала "Белсат", а міліцыянты Цэнтральнага РАУСа — за нібыта ўдзел у гэтым недазволеным маршы. Апошні пратакол суддзя вярнула на дапрацоўку. У выніку аштрафавала мяне толькі па двух пратаколах, ад 30 жніўня і 6 верасня. Так званы суд праходзіў на выездзе ў райаддзеле міліцыі, каб ніхто з калег і знаёмых не мог прысутнічаць. У міліцыі мяне судзілі ўжо другі раз. Гэта ганебная практыка, бо судовае пасяджэнне схаванае ад грамадскасці. Мала таго, што журналістаў беспадстаўна абвінавачваюць ва ўдзеле ў недазволеных маршах пратэсту, дык яшчэ і судзяць употай", — кажа Шчыракова.

На судовы працэс у аддзел міліцыі журналістку прывезлі з ізалятара часовага ўтрымання, куды яе даставілі  прэвентыўна ўвечары 11 верасня. Шчыракова выхоўвае непаўнагадовага сына, паводле заканадаўства яе нельга адпраўляць у ізалятар, нават калі яна і сапраўды здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, але гомельская міліцыя ігнаруе гэтую норму.

На знак пратэсту Шчыракова абвясціла ў ізалятары галадоўку і трымала яе з пятніцы па сёння, пакуль яе не вызвалілі з-пад варты.

Сёння ж Савецкі суд Гомеля пакараў 5-суткавым адміністрацыйным арыштам відэааператара Андрэя Толчына. Пра гэта сястры журналіста паведамілі ў канцылярыі суда.

Андрэя Толчына таксама затрымалі прэвентыўна 11 верасня, калі ён толькі выйшаў з дому. Толчын апошнім часам здымаў маршы як відэааператар разам з Ларысай Шчыраковай. Відавочна, што абоіх адмыслова ізалявалі, каб яны не маглі асвятляць чарговы марш пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, які прайшоў у горадзе 13 верасня. 

Міліцыя дзяжурыла 11 верасня і каля дамоў, дзе жывуць журналісты-фрылансеры Яўген Меркіс і Марына Драбышэўская, яны таксама асвятлялі пратэстныя маршы гамяльчан. Тады міліцыі не ўдалося заспець іх дома. І вось вечарам 14 верасня Марына Драбышэўская паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што яе з Яўгенам затрымалі і вязуць у Чыгуначны райаддзел міліцыі Гомеля.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!