916

Год 2017 у жыцці Маладзечанскай філіі быў годам вяртання, расчаравання і надзей на лепшы 2018

30.12.2017 Крыніца: Падрыхтавала Наталля Тур

Напярэдадні навагодніх святаў прынята падводзіць вынікі года. Маладзечанская філія БАЖ пафіласофствала і расказала, годам чаго быў 2017 год у жыцці сябраў філіі.

Алеся Птушка:

— Год 2017 быў хіба годам вяртання і спробы звіць гняздо. Гэта мой другі год пасля вяртання ў Беларусь, і жыццё пачало ўкладвацца паволі. У  мяне ўжо не дзёргаецца вока ад фразачак тыпу “без пакеціка я вам банан не прадам!” ці “вазьміце даведку, што вам выдалі даведку”. Цяпер вока дзёргаецца ў таго, хто мне гэтыя фразачкі гаворыць. І добра, што беларускія рэаліі мяне не прыбіваюць, а мабілізуюць. Харошы год, значыць Але гэта не значыць, што наступны не будзе шчэ лепей. Будзе!)

Зоя Хруцкая, старшыня Маладзечанскай філіі:

— У прафесійным плане выдаўся год абнаўлення сістэмы. Здарыліся невялікія, але важныя перамены. Заўважыла, што змяненні адкрылі ўва мне нямала новага, што мне спадабалася. Зразумела, жыццё вяртае неабходных людзей, колькі б ненаціснутых выклікаў паміж вамі не было. А калі сыходзяць лішнія людзі, паветра становіцца больш празрыстым. У асабістым жыцці — я яшчэ раз стала цёткай, навучыла сына самастойна рыхтаваць дамашку, а муж вучыў мяне  розным фізічным тэрмінам і пячы блінчыкі. Так што ў сям'і атрымаўся год прыемных хваляванняў і клопатаў. А самым цёплым успамінам года застанецца паездка з мужам на "Лідбір"! І, вядома, перадапошні сезон "Гульні тронаў" :D

Аксана Ярашонак:

— Сям'я: у 2017-ым наша сям'я нарэшце ўз'ядналася. Муж знайшоў працу ў Маладзечне і цяпер пераехаў з вёскі да нас, у горад. Малодшая дачка пайшла ў першы клас. Старэйшая стала шасцікласніцай.

Праца: першы раз адгуляла кароценькі адпачынак журналіста. Хвалявалася, як гэта будзе пасля настаўніцкіх двух з паловай месяцаў. Адпачынак сапраўды прайшоў хутка, але ярка: з начоўкамі на Вілейскім вадасховішчы, сямейным наведваннем музеяў і выстаў. Увосень была вельмі запамінальная і карысная журналісцкая паездка ў Кіеў. Напісала свой першы рэкламны артыкул.

Творчасць: з добрага магу прыгадаць хіба што паэтычны пленэр памяці Таццяны Сапач. У астатнім — поўнае расчараванне: у Саюзе пісьменнікаў, у паэзіі, у паэтах.

Валянцін Цішко:

Год быў годам расчараванняў. Штрафы “Краю” і “Барысаўскім навінам” за маршы недармаедаў, штрафы і суды журналістаў. Спадзяемся на 2018, хай у ім такога больш не будзе.

Святлана Цішко:

2017-ты быў годам змагання, хоць я і не люблю гэтае слова. Годам судоў і супрацьстаяння, адстойвання нашых інтарэсаў.

Наталля Тур:

— Для мяне год пачаўся з падарожжаў. І я вельмі рада, што сёлета адкрыла для сябе Швецыю, Польшчу, Германію. Яшчэ раз (цяпер назаўжды) палюбіла Украіну. Год 2017 быў годам новых знаёмстаў. Я вельмі рада, што мая тэлефонная кніга папоўнілася імёнамі новых сяброў, што ў маім Facebook стала больш сяброў.

Год 2017 — быў годам перамог, годам адкрыццяў. Былі матэрыялы, якімі ганаруся, былі публікацыі, якія дапамагалі людзям. Былі і скандалы, але ж я самы скандальны журналіст Маладзечна, таму ўсё ok.  Былі і сітуацыі, у какторых я павінна папрасіць прабачэння. Рознае было. Але самае галоўнае, што мае людзі, як спявае Вінсэнт, са мной. І я працягваю жыць :)