493

Глыбоцкі суд пакараў журналістку Таццяну Смоткіну вялікім штрафам

30.08.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Суд Глыбоцкага раёна, разгледзеўшы адміністрацыйную справу журналісткі-фрылансера Таццяны Смоткінай па абвінавачанні ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 870 беларускіх рублёў. Справу вяла суддзя Людміла Вашчанка.

Пратакол на Таццяну склаў супрацоўнік Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Журналістку абвінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і прыцягнулі да адказнасці паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП.

Падставай для адміністрацыйнага пераследу стала аўдыяінтэрв'ю для “Беларускага Радыё Рацыя” з глыбоцкім фітнес-трэнерам і грамадскім актывістам Аляксандрам Шарабайкам.

Судовы працэс праходзіў 27 жніўня ў адсутнасць Таццяны Смоткінай, таму што яна цяпер у адпачынку за мяжой. На суд не выклікалі і Аляксандра Шарабайку, які праходзіў сведкай па гэтай адміністрацыйнай справе.

Паколькі Таццяна не змагла прысутнічаць на слуханні, яна папрасіла даслаць матывіровачную частку пастановы суда па электроннай пошце.

30 жніўня журналістка атрымала дакумент з судовай канцэлярыі. Паводле Таццяны Смоткінай, яго змест выклікаў здзіўленне:

“Складваецца ўражанне, што пастановы выпісваюць як пад капірку. Тут паведамляецца, што я быццам бы вырабіла відэасюжэт — але я не раблю відэасюжэты, толькі аўдыяінтэрв'ю, то бок запісваю людзей на дыктафон, а не на відэакамеру”.

Яшчэ ў пастанове напісана, што Смоткіна не аспрэчвае абставіны правапарушэння і быццам бы засведчыла гэта ўласным подпісам. З гэтым сцверджаннем журналістка таксама катэгарычна не згодная. Кажа, што ў яе ёсць копія пратакола, дзе яна ўласнаручна напісала, што ніякіх законаў не парушала і віну не прызнае.

Таццяна Смоткіна мае намер абскардзіць рашэнне Глыбоцкага раённага суда ў вышэйшай інстанцыі. Нагадаем, 22 ліпеня дома ў журналісткі сілавікі правялі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку, якую не аддалі і да гэтай пары.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!