202 0

Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” далучылася да кампаніі “Станем за журналістыку”

05.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

5 лістапада Міжнародная федэрацыя журналістаў праводзіць кампанію “Станем за журналістыку”. У ёй штогод удзельнічаюць і беларускія незалежныя журналісты. Мэта кампаніі — прыцягнуць увагу да галоўных пагрозаў, з якімі сутыкаюцца журналісты. Сёлета беларускія журналісты разам з міжнароднай супольнасцю выказваюць салідарнасць з журналістамі па так званай “справе БелТА”.

yuryk_4_0.jpg

Па словах лідара глыбоцкай суполкі Таццяны Смоткінай, журналісцкая салідарнасць — гэта моцная зброя ў супрацьстаянні ціску ўладаў.

— Усе мы, незалежныя журналісты, павінны быць салідарнымі з тымі калегамі, якія церпяць ціск з боку ўладаў. І ўдзельнічаць у такіх акцыях — гэта проста наш абавязак. Калі такія кампаніі стануць маштабнымі, то ўладам будзе складаней запалохваць журналістаў і фабрыкаваць розныя справы, кшталту так званай “справы БелТА”.

smotkina_1.jpg

Канешне, хацелася б, каб не толькі журналісты падтрымлівалі адзін аднаго, але і простыя людзі не баяліся адкрыта выказваць сваю падтрымку.

lupach_2_0.jpg

Як кажа сябра глыбоцкай суполкі, журналіст-фрылансер Зміцер Лупач, моц салідарнасці ён адчуў на сабе, таму будзе штораз удзельнічаць у такіх кампаніях:

— Улада пабачыла канкурэнцыю. TUT.BY і БелТА непараўнальныя па праглядах і па папулярнасці ў людзей. Вось таму і з’явілася “справа БелТА”. А цяпер яшчэ хочуць увесці закон аб фатаграфаванні людзей на вуліцах горада, у тым ліку і міліцыянтаў. Няўжо ўлады будуць штрафаваць і тых турыстаў, якія прыедуць па бязвізу і будуць рабіць фота на вуліцах гарадоў? Гэта проста глупства ў час інфарматызацыі праводзіць такія законы. Толькі маштабныя акцыі салідарнасці змогуць супрацьстаяць усяму гэтаму.

galljash_3.jpg

Журналісты Глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” сфатаграфаваліся з плакатамі ў падтрымку журналістаў, якія цярпелі ціск па так званай справе “БелТА”, таксама выказалі салідарнасць у сваіх сацыяльных сетках.

А рэдактар газеты і інтэрнэт-выдання “Вольнае Глыбокае” размясціў банер і артыкул у падтрымку журналістаў TUT.BY, БелаПАН ды іншых.

Каментары