2806

Гісторыя з блакаваннем сайтаў: Генпракуратура «не валодае інфармацыяй» (копія дакумента)

15.01.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

ГА «БАЖ» атрымала афіцыйны адказ з Генеральнай пракуратуры на свой запыт наконт абмежавання доступу да шэрагу інтэрнэт-сайтаў.

«Пытанняў, звязаных з абмежаваннем доступу да ўказаных у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў, Генеральнай пракуратурай не ініцыявалася, – гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Паўла Елісеева. –  Інфармацыяй пра прыняцце дзяржаўнымі органамі ўказаных рашэнняў Генеральная пракуратура не валодае».

Пракуратура піша, што накіравала зварот ГА “БАЖ” “для разгляду па сутнасці” ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.   

Нагадаем, што 22 снежня ГА “БАЖ” накіравала ў Генеральную пракуратуру РБ, а таксама ва Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце афіцыйныя лісты.

Арганізацыя заклікала гэтыя ведамствы тэрмінова забяспечыць доступ да шэрагу рэсурсаў, якія пры канцы снежня падвергліся блакаванню (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org), правесці праверку іх незаконнага блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці. Адказнасці за блакаванне дагэтуль ніхто не ўзяў. Між тым, уладальнікі рэсурсаў перакананыя, што рашэнне аб блакіроўцы IP-адрасоў маглі прыняць толькі ўлады, паколькі ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на прадастаўленне IP-адрасоў.