НЕ - ВАЙНЕ!
325

"Гэта наш агульны еўрапейскі выклік". Беларускія праваабаронцы ўзялі ўдзел у акцыі салідарнасці з Украінай

22.09.2022 Крыніца: Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Правабаронцы розных краін зладзілі акцыю салідарнасці з Украінай — яна прайшла каля амбасады Расіі ў Вільні 21 верасня, у Міжнародны дзень міра.

2022-09-21_akcyja_ukraina-5.jpgМногія ўкраінскія праваабаронцы працягваюць сваю дзейнасць, у тым ліку збіраюць інфармацыю пра ваенныя злачынствы. Дакументацыяй ваенных злачынстваў ва Украіне займаюцца і некаторыя беларускія праваабаронцы – тыя, хто вырашыў застацца ва Украіне, калі пачалася вайна.

Мэта акцыі – выказаць салідарнасць з Украінай, супраць якой Расія пачала ваенную агрэсію. Арганізатары мітынгу хацелі б звярнуць увагу на сваіх калегаў-праваабаронцаў, якія таксама змагаюцца за перамогу. У акцыі прынялі ўдзел і беларускія праваабаронцы, якія жылі ва Украіне і засталі там вайну. Што яны казалі?

Сяржук Сыс, паэт і прадстаўнік ПЦ “Вясна”, да пачатку расійскай агрэсіі жыў у Чарнігаве:

“У 2020 годзе мы хацелі быць вольнымі і светлымі, як украінцы. Не атрымалася. Пачаліся рэпрэсіі: тысячы ў турмах, сотні тысяч за межамі краіны. Вымушаны быў пакінуць краіну і я.

sys_akcyja.jpgПраваабаронцы "Вясны" Сяржук Сыс

Украіна стала для мяне другім домам. Там мяне сустрэлі, там мне дапамагалі. Дзякуй праваабаронцам, які прыйшлі на дапамогу: гэта Чарнігаўскі Дом правоў чалавека, Дабрачынная арганізацыя “Восток СОС”. Людзі Чарнігаўшчыны, дзе я жыў сем месяцаў да пачатку вайны, сталі мне роднымі.

Беларусы не мусяць стаяць у баку ад гэтай вайны, тым больш рэжым Лукашэнкі аддае сваю тэрыторыю для нападаў на вольную Украіну”, — сказаў Сяржук Сыс.

Праваабаронца і валанцёрка “Вясны” Марыя Тарасенка таксама ўцякла ад рэпрэсій з боку беларускіх уладаў у Чарнігаў. А пасля 24 лютага вымушана была ўцякаць і ад самой вайны.

"У Беларусі я змагалася за правы людзей і свае правы. І калі пачаліся сумныя падзеі 2020 года, я дапамагала многім людзям — за гэта ўлада мяне пераследвала. Мне давялося пакінуць сваю родную Гомельшчыну і перабрацца ва Украіну. Я вельмі ўдзячная многім людзям, якія падтрымлівалі мяне.

Самае балючае было 24 лютага, калі расійскія арды пайшлі ва Украіну.

maryja-tarasenka_akcyja.jpgМарыя Тарасенка

Я была ў зоне баявых дзеянняў пад Чарнігавам, бачыла абстрэлы, бачыла, як гараць дамы, як людзі хаваюцца ў падвалы — і я падзяляла іх нялёгкае жыццё. Гэта вялікае выпрабаванне.

Я жадаю Украіне і Беларусі прайсці гэтае выпрабаванне і стаць лепш і мацней. І паказаць усяму свету, што гвалт ніколі нічога не вырашае. А толькі мір і стварэнне — гэта тое, што чалавецтва павінна разумець”.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларуска асацыацыі журналістаў, перад вайной жыў у Кіеве:

“Я не шкадую ні на хвіліну, што абраў менавіта Кіеў, каб жыць там. Бо гэта вельмі файны еўрапейскі народ, які быў заўсёды блізкі да беларусаў. Роўна год таму мы з маім калегам Максімам Буткевічам ляцелі у Берлін абмяркоўваць пытанне беларусаў, якія вымушаны былі пакідаць сваю краіну — каб ствараць для іх магчымасці, праграмы, сервісы, для таго, каб людзі пачувалі сябе годнымі.

І яшчэ гэтай зімою мы з калегамі з “Восток СОС” планавалі паездку нашых калег-журналістаў у Севераданецк, дзе месціцца іх галоўны офіс. Нажаль, так склалася сітуацыя, што Максім Буткевіч у палоне, а севераданецкі офіс знаходзіцца ў сумным стане.

Але ў мяне ёсць вялізны гонар за нас, беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну, і за весь еўрапейскі кантынент. Бо відавочна, што вайна ва Украіне — гэта не вайна супраць асобнай дзяржавы. Гэта наш агульны еўрапейскі выклік. Ці вытрымаем мы вось такі наступ на правы чалавека, на свабоду, на незалежнасць і на жыццё. І украінцы проста на перадавой нашага жыцця.

Таму яшчэ раз хачу выславіць падзяку і гонар усім за вашу падтрымку, за кожны ваш унёсак, кожны цэнт, кожнае дзеянне, зробенае для спынення гэтай вайны. Кожны дзень нашай з вамі працы, нашых публікацый, нашых вострых матэрыялаў і праўды пра вайну набліжае нас да перамогі. Да таго часу, калі ўсе мы зможам сустрэцца ў вызваленых украінскіх гарадах, відэа пра якіх так любіць глядзець мой дзесцігодовы сын, які ў першыя дні вайны мусіў паначаваць некалькі дзён у бамбасховішчах і які вельмі чакае, калі мы зможам вернуцца ва Украіну і паглядезць на вольны край.

І такама я упэўнены, што то мы сустрэнемся з Максімам Буткевічам не тольі ў Кіеве, але і  ў Мінску, дзе мы будзем святкаваць перамогу дэмакратыі і правоў чалавека.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!”.

Пра Максіма Буткевіча, украінскага праваабаронцы і сябры праўлення "Центр прав людини ZMINA", нагадала і яго калега Людміла Янкіна:

jankina_zmina.jpg
Людміла Янкіна

“Доўгі час Максім займаўся абаронай бежанцаў і тых, хто шукаў прытулку ва Украіне, уцякаючы ад сваіх аўтарытарных краін. Беларусаў ва Украіну прыехала больш 100 тысяч. Максім змагаўся за абарону іх правоў. А 24 лютага 2022 года ён пайшоў ва Узброеныя сілы Украіны, каб абараняць сваю краіну. І патрапіў у палон.

Зараз мы не ведаем, што з ім, дзе яго трымаюць, у якім стане ён знаходзіцца і якое ў яго здароўе. Але мы дакладна ведаем, што гэтае выпрабаванне Максім вытрымае з годнасцю.  Я заклікаю РФ вярнуць Максіма Буткевіча ва Украіну, кіруючыся нормамі Міжнароднага права і звычаямі вайны”, — сказала Людміла Янкіна.

Акцыю каля Расійскай амбасады ў Вільні зладзілі Фонд дамоў чалавека і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава. У ёй прынялі ўдзел дамы правоў чалавека з Чарнігава, Крыма, Ерэвана, а таксама «Центр прав людини ZMINA». З беларускага боку ў акцыі ўдзельнічалі ПЦ “Вясна”, Беларускі Хельсінксі камітэт, Прававая ініцыятыва ды іншыя.

У 1981 годзе сваёй рэзалюцыяй №3667 Генеральная асамблея ААН абвясціла Дзень міру і ўстанавіла яго святкаванне на трэці аўторак верасня. Праз 20 гадоў, у 2001 годзе, Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыюю №55282, у якой пастанавіла, што з 2002 года Міжнародны дзень міру будзе адзначацца штогод 21 верасня як дзень усеагульнага спынення агню і адмовы ад гвалту.

Чытайце яшчэ:

«Падчас практыкі давалі пісаць выключна пра заблукаўшых у лесе і тапельцаў»: з якімі праблемамі сутыкаюцца пачаткоўцы-журналісты

Парламент Літвы забараніў прапагандысцкія беларускія тэле- і радыёпраграмы. Мінкульт абурыўся

«Статус экстрэміста літаральна трымае мяне звязаным»: фотапраект «Звязаная нацыя»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!