239

Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаць таджыкскага журналіста Адзінаева

06.11.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Генеральная пракуратура Беларусі 5 лістапада вынесла афіцыйнае рашэнне аб адмове ў выдачы ўладам Таджыкістана апазіцыянера Фархода Адзінаева. Пра гэта Naviny.by паведаміла юрыстка праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка.

Таджыкскі журналіст Фарход Адзінаеў. Фота з сайта "Радыё Свабода"

Неабходныя дакументы накіраваныя ў Гродна, у СІЗА, дзе знаходзіцца Адзінаеў. Наста Лойка адзначыла гэта, як пазітыўнае рашэнне. Паводле яе слоў, відавочна, што Адзінаева пераследуюць беспадстаўна, і пры вяртанні ў Таджыкістан яму пагражаюць катаванні.

«Мы чакаем 6 лістапада, калі стане ясна, вызваляюць яго з СІЗА ці не, і тады ён зможа з'ехаць куды заўгодна, у яго ёсць шэнгенская віза. Альбо яго перадаюць міграцыйнай службе, адкуль яго вяртаюць у Расійскую Федэрацыю, таму што ён выехаў адтуль. І там ёсць рызыка, што яго пазбавяць расійскага грамадзянства і адправяць у Таджыкістан. Самая бяспечная сітуацыя для яго — каб яго вызвалілі, і ён выехаў самастойна», — адзначыла юрыстка.

Нагадаем, Фарход Адзінаеў быў затрыманы беларускімі памежнікамі 25 верасня ў пункце пропуску "Каменны Лог" на беларуска-літоўскай мяжы па запыце ўладаў Таджыкістана. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, і ён знаходзіцца ў базе міждзяржаўнага вышуку па СНД.

Фарход Адзінаеў, ураджэнец Гісарскага раёна Таджыкістана, кіраваў тэлеканалам SAFO TV («Сафо»).  Тэлеканал вяшчаў з Масквы са жніўня па лістапад 2013 года, быў арыентаваны на асвятленне жыцця і праблем мігрантаў у расійскім грамадстве. Многія меркавалі, што канал падтрымлівае забароненая Партыя ісламскага адраджэння Таджыкістана, аднак самі прадстаўнікі SAFO TV і лідары партыі заяўлялі, што тэлеканал не мае ніякага дачынення да гэтай палітычнай арганізацыі.

Пасля 2015 года ў Таджыкістане былі абвешчаныя ў вышук дзясяткі членаў забароненых палітычных партый і арганізацый. У сувязі з чым толькі ў Беларусі затрымалі па меншай меры двух грамадзян Таджыкістана, і ім пагражала экстрадыцыя. Праваабаронцы кажуць, што большасці дэпартаваных у Таджыкістан пагражаюць катаванні і жорсткае абыходжанне з боку ўраду з-за іх палітычнай дзейнасці.

За апошнія чатыры гады намаганнямі праваабаронцаў з беларускіх СІЗА былі вызваленыя актывістка «Групы 24» Шабнам Худойдодава і футбаліст «Вахдат» Парвіз Турсунаў. У Human Constanta лічаць, што беларускія ўлады прынялі да ўвагі магчымыя негатыўныя наступствы экстрадыцыі двух актывістаў на радзіму і адмовілі ўладам Таджыкістана ў просьбе.