2797

Генпракуратура адказала на зварот ГА «БАЖ» наконт дадатковага расследавання смерцяў журналістаў

09.12.2011 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Падрыхтоўка адказу заняла ўсяго два дні.

Намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры на зварот арганізацыі, прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю.

Пры канцы лістапада БАЖ дасылаў у Генпракуратуру і МУС сваю заяву з патрабаваннямі аднавіць расследаванне крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай і даць іх сваякам, калегам і грамадству адказы на пытанні — хто забіў журналістаў і хто замовіў гэтыя злачынствы, а таксама правесці дадатковае празрыстае расследванне абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.

Як вынікае з адказу, зварот арганізацыі разглядала Упраўленне нагляду за расследаваннем крымінальных спраў у органах пракуратуры.

«…Паведамляю, што па двух выкладзеных Вамі ў звароце фактах расследаваны крымінальныя справы, а па двух — праведзены праверкі з прыняццем рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», — піша намеснік начальніка згаданага ўпраўлення, старшы саветнік юстыцыі І. Сяўрук.

«Пра працэсуальныя рашэнні, прынятыя па выніках расследавання крымінальных спраў і правядзення праверак, удзельнікі крымінальнага працэсу праінфармаваныя ва ўстаноўленым законам парадку», — гаворыцца ў адказе.

«Гэты адказ дэманструе, якім чынам дзяржаўныя структуры — у прыватнасці, Генпракуратура — ставіцца да закона „Аб зваротах грамадзян“, — лічыць А. Бастунец. — Сам тэрмін падрыхтоўкі адказу — усяго 2 дні — сведчыць пра тое, што ніякіх фактычных крокаў дзеля выканання патрабаванняў нашага звароту не рабілася...»

Сваякі забітых журналістаў таксама лічаць, што сцвярджэнне наконт іх «праінфармаванасці ва ўстаноўленым законам парадку», мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці.

Напрыклад, родныя Веранікі Чаркасавай кажуць, што следства практычна ніколі не паведамляла ім пра ход расследавання.

«Апошняе (і адзінае!) паведамленне, якое мы атрымалі ад начальніка следчага аддзелу па найважнейшых справах пракуратуры г. Мінска Сяргея Іванова, датавана 9-м студзеня 2006 г. — кажа айчым Веранікі Чаркасавай Уладзімір Мялешка. — Следчы інфармаваў нас пра прыпыненне папярэдняга следства па справе аб забойстве. І нават гэты адказ пачынаецца са словаў „В связи с вашим заявлением…“. То бок, калі б мы самі не турбавалі іх, то і гэтага б, магчыма, не атрымалі... У канцы паслання нас запэўніваюць, што „при возобновлении раследования по делу вы будете незамедлительно об этом уведомлены“. Следства пасля гэтага аднаўлялася і зноў прыпынялася, аднак мы даведваліся пра гэта ніяк не ад пракуратуры…»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!