3368

Генеральная пракуратура адмовілася разглядаць зварот ГА "БАЖ" адносна ціску на журналістаў

29.03.2017 Крыніца: ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Генеральная пракуратура адмовілася разглядаць па сутнасці зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адносна пераследу журналістаў, перашкод у ажыццяўленні журналісцкай дзейнасці і адміністрацыйнага пераследу.

Журналісцкае аб’яднанне прасіла генеральнага пракурора Аляксандра Канюка правесці праверку па фактах затрымання журналістаў, а таксама прынесці пратэсты на судовыя пастановы аб прыцягненні журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.

ГА “БАЖ” рабіла ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з Законам “Аб пракуратуры” задачай гэтага органа з’яўляецца “забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый”.

У адказе ж начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян Марына Папова заявіла, што ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” нібыта не мае права прадстаўляць інтарэсы пацярпелых журналістаў, і таму зварот не будзе разгледжаны.

– З улікам таго, што Вы не з’яўляецеся асобай, якой ва ўстаноўленым парадку дэлегаваны правы на прадстаўніцтва інтарэсаў пералічаных у звароце грамадзян, падстаў для разгляду Вашага звароту па сутнасці не маецца, – гаворыцца ў адказе.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць адказ пракуратуры незаконным і мае намер яго абскардзіць. У журналісцкім аб’яднанні ўпэўненыя, што Генеральная пракуратура ў дадзены момант проста абавязана звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю з пераследам журналістаў і аднавіць законнасць.

Нагадаем, што згодна са Статутам (п. 2.4.3), ГА “БАЖ” прадстаўляе інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных установах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!