1099

Гендырэктару БелТА прапанавалі не даводзіць "справу БелТА" да суда

20.11.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч падчас сустрэчы з намеснікам старшыні ГА "БАЖ" Барысам Гарэцкім выказала разуменне пазіцыі БАЖ, што канфрантацыя паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі медыя не патрэбная нікому. Аднак Акуловіч мае намер дачакацца завяршэння следства па "справе БелТА".

Барыс Гарэцкі сустрэўся з Ірынай Акуловіч, каб данесці пазіцыю, што канфрантацыя ў журналісцкай супольнасці не патрэбная нікому з бакоў. ГА "БАЖ" шмат год спрабавала наладзіць дыялог паміж журналістамі дзяржаўных і недзяржаўных медыя, а "справа БелТА" супраць незалежных журналістаў у адзін момант гэта перакрэсліла.

Да таго ж "справа БелТА" нанесла вялікія іміджавыя страты акурат інфармагенцтву БелТА і ўладам, а не недзяржаўным медыя, мяркуюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гарэцкі нагадаў, што ў межах Крымінальнага кодэкса ў БелТА ёсць магчымасці прымірэння бакоў. У такім выпадку крымінальная справа можа не дайсці да суду. Намеснік старшыні ГА "БАЖ" лічыць, што гэта адзін з магчымых добрых крокаў для вырашэння канфлікту. І цяпер многае залежыць менавіта ад дзяржаўнага інфармагенцтва.

Ірына Акуловіч у сваю чаргу заявіла, што разумее сітуацыю. Аднак не будзе рабіць нейкіх крокаў, пакуль не завершыцца следства.

Таксама Акуловіч заявіла, што не лічыць гэтую справу палітычна матываванай, на яе думку, гэта — справа аб паролях і незаконным доступе. І яна, як кіраўнік БелТА, абараняе сваіх падпісчыкаў.

— Ірыне Акуловіч наша пазіцыя зразумелая. Але яшчэ больш важна, каб чытачы недзяржаўных медыя зразумелі адну простую рэчы. Пакуль мы — грамадства — не станем на абарону медыя, дзяржава зможа рабіць з імі ўсё, што пажадае.

Пакуль мы лічым, што свабодныя медыя самі павінны прабіваць сабе дарогу, а мы — толькі спажыўцы, нічога змяняцца не будзе.

Калі ж мы падтрымаем журналістаў, якіх чытаем, падтрымаем рэдакцыі, станем на іх абарону, сітуацыя пачне змяняцца, — лічыць Барыс Гарэцкі і заклікае ўсіх далучацца да акцыі “Станем за журналістаў!”.

 

7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.

Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала: Ганна Калтыгіна,Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.

Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Следчы камітэт падазрае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: “справа БелТА” — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.

#StandUpForJournalism — Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў падтрымалі беларускіх калег

Як людзі па ўсёй краіне стаялі за журналістаў ФОТАПАДБОРКА

Слуцк далучыўся да акцыі “Станем за журналістаў”

Лунінец далучыўся да акцыі “Станем за журналістаў” ФОТАФАКТ

Станем за журналістаў! Далучайся!