438

Газету “Народная воля” са спецпраектам пра выбары бралі нарасхват

06.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Каля тысячы асобнікаў газеты “Народная воля” распаўсюдзілі днямі ў Гомелі актывісты праваабарончага цэнтра “Вясна” Андрэй Стрыжак, Марыя Тарасенка і Леанід Судаленка.

“У нумары “Народнай волі” ад 22 лістапада ўтрымліваецца адмысловы спецпраект “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, які прысвечаны аналізу сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Людзі з ахвотай бралі выданне — нейкага негатыўнага стаўлення не было. Гамельчукі газету ведаюць і, па ўсім відаць, давяраюць ёй”, — дзеліцца сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” юрыст Леанід Судаленка.

Суразмоўца дадаў, што калі раздаваў“Народную волю” на рынку "Прудкоўскі",нечакана сустрэў экс-кандыдата ў дэпутаты, фермера Юрыя Ганцэвіча.Ён вядомы тым, што падчас перадвыбарчай агітацыі прыводзіў на свае пікеты карову і казу. Фермер хацеў перасесці з трактара ў дэпутацкае крэсла з-за “несправядлівасці ў дзяржаве”.Ганцэвіч, узяўшы сабе асобнік газеты,заявіў, што ў ягонай выбарчай акрузе №31 выбары не адбыліся —экс-кандыдат перакананы, што яўка выбаршчыкаў на ўчасткі сфальсіфікаваная.

Акурат у матэрыялах спецпраекту“Народнай волі” пад назвай “Праваабаронцы за свабодныя выбары” назіральнікі і аналітыкі звярнулі ўвагу на галоўныя праблемы і недахопы, выяўленыя падчас нядаўняй выбарчай кампаніі. Гэта фармаванне ўчастковых і акружных выбарчых камісій без уключэння ў іх склад прадстаўнікоў апазіцыі, датэрміновае галасаванне са шматлікімі прыпіскамі яўкі, закрыты ад назіральнікаў непасрэдны падлік галасоў, факты цэнзуравання агітацыйных выступаў кандыдатаў і забарона іх трансляцыі ў эфіры.

“Народная воля” з аналізам выбарчай кампаніі распаўсюджвалася таксама ў Мазыры, Светлагорску і іншых гарадах краіны.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!