669

Газета «Вольнае Глыбокае» больш не будзе выдавацца

05.01.2021 Крыніца: Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

З новага года спыніла сваю дзейнасць незалежная газета “Вольнае Глыбокае”. Год таму выданне адзначыла свой 1000 нумар і 25-ці годдзе. Газета праіснавала роўна 26 год, апошні яе нумар рыхтаваўся на каталіцкае Раство і быў надрукаваны 31 снежня.

Над стварэннем газеты і яе распаўсюдам апошні час працавала амаль адна сям’я галоўнага рэдактара і выдаўца Уладзіміра Скрабатуна.

"Як балюча б не было, але яе давялося закрыць з-за фінансавых праблемаў, — кажа распаўсюднік газеты і дачка галоўнага рэдактара Надзея Маліноўская. — Праблема адна — гэта фінансы, якіх сапраўды не хапае. Нават калі, з улікам таго, што працую я, сястра, мама, тата, усе мы чацвёра, мы працуем проста на голым энтузіязме і нічога не атрымліваем. Ужо некалькі год".

Але на сённяшні дзень склалася такая сітуацыя, што раней мы не атрымлівалі, але газета сама сябе акупляла, і проста на ідэі мы працавалі. Цяпер мы не можам зарабіць нават на друкарню.

Паводле рэдактара газеты Уладзіміра Скрабатуна, выратаваць выданне ў цяперашніх складаных умовах наўрад ці магчыма, нават нягледзячы на змяншэнне тыражу.

— Наўрад ці магчыма. За 900 асобнікаў я не бачу сэнсу яе выдаваць. Сэнс такі: 900 асобнікаў, альбо мільён асобнікаў, праца абсалютна тая ж самая. Толькі друк каштуе для 900 асобнікаў 435 рублёў. А калі б была тысяча, а калі б было дзве тысячы? Гэта б ужо каштавала тысяча рублёў. Дзе такія грошы ўзяць? У нас столькі рэкламы няма.

Апошнім часам газета “Вольнае Глыбокае”выходзіла накладам 900 асобнікаў, у лепшыя часы яе наклад дасягаў 5 000 экзэмпляраў. Для глыбачанаў і жыхароў суседніх раёнаў яна была цікавай у першую чаргу краязнаўчымі матэрыяламі і мясцовымі абвесткамі.

Але, як кажа Уладзімір Скрабатун, ён не апускае рукі і будзе працаваць над раскруткай электроннай версіі газеты — сайтам vglybokaye.by. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!