1160

“Газета Слонімская” зладзіла Дні падпісчыка на пошце

27.06.2017 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by Сюжэт: Распаўсюд СМІ

У апошнія два дні падпісной кампаніі на перыядычныя выданні на другое паўгоддзе 2017 года рэдакцыя “ГС” разам з работнікамі пошты зладзілі Дні падпісчыка ў двух паштовых аддзяленнях Слоніма.

Каляровыя балонікі, стэнд з газетамі, кепкі, асадкі, магніцікі, кубкі з лагатыпамі газеты прыцягвалі ўвагу падпісчыкаў, якія наведваліся ў тыя дні на пошту.

 — Мяне прыемна здзівілі прызы. Ехала падпісваць часопіс "Стрекоза", а падпісалася яшчэ і на "Газету Слонімскую" ды атрымала падарункі. Вось  падараваны кубак, мусіць, стане маім асабістым. Буду з яго піць гарбатку і каву. Раней чытала сайт gs.by, а цяпер вось і газету буду чытаць, — прызналася ў размове з нашым карэспандэнтам юная падпісчыца газеты Ліза на цэнтральнай пошце.

Людзі падыходзілі і падпісваліся хто на паўгады, хто на квартал, але найчасцей — на месяц, што абумоўлена фінансавымі магчымасці чытачоў.

Прыемнай адметнасцю гэтай падпісной кампаніі ўпершыню за 11 гадоў  было і тое, што падпісацца на “Газету Слонімскую” агітавалі таксама паштальёны.

А тых чытачоў, што падпісаліся на паўгода, чакае яшчэ розыгрыш 21-га каштоўнага прыза ад выдаўца — ад пральнай машыны да фена.

Фота аўтара і з архіва “ГС”