1398

"Газета Слонімская" ўпершыню за 11 гадоў у кіёсках!

05.04.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ад 5 красавіка "Газету Слонімскую" можна нарэшце купіць у кіёсках "Гроднааблсаюздруку". У пятніцу, 7 красавіка, там з'явіцца і "Новы Час".

Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.

Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат год. Так "Газета Слонімская", "Новы Час", "Intex-press" і "Борисовские новости" вяртаюцца ў шапікі на гэтым тыдні.

Да гэтага "Газета Слонімская", напрыклад, 11 гадоў не мела магчымасці знаходзіцца на прылаўках побач з іншай перыёдыкай.

Большасць згаданых выданняў, а таксама "СНплюс. Свободные новости плюс" і "Вольнае Глыбокае" цяпер  знаходяцца на этапе ўзгаднення для ўключэння ў падпісны каталог "Белпошты" на другое паўгоддзе. Аднак канчатковыя дамовы пакуль не падпісаныя ні ў каго.